Дрон, які заляцеў у Літву з Беларусі, займаўся разведкай?
- 5.08.2025, 9:51
- 2,168
Версія беларускага добраахвотніка.
Беларускі добраахвотнік-аэраразведчык з пазыўным «Крот» апазнаў расейскі дрон «Гербера» ў абломках беспілотніка, які праляцеў над Літвой на мінулым тыдні, паведамляе «Еўрарадыё».
«Адзінае пытанне - як ён туды трапіў. Праляцець праз усю Беларусь незаўважаным ён сапраўды не мог, калі ляцеў з Расеі. У мяне дзве версіі: ці беспілотнікі запускаюць з боку Калінінграда, каб весці разведвальныя місіі па тэрыторыі Еўропы. Або з боку самой Беларусі - і таксама з мэтай разведкі», - тлумачыць аэраразведчык.
Літоўскія медыя пішуць, што дрон знайшлі на палігоне Гайжунай Ёнаўскага раёна. Ад мяжы з Беларуссю да гэтага палігона - блізу 130 кіламетраў, ад Калінінграда - блізу трохсот.
«Калі беспілотнік ляціць з ударнай ці разведвальнай місіяй на тэрыторыі Украіны, яны (расейцы) не саромеюцца наносіць надпісы на дрон. А гэтыя абломкі чыстыя, без надпісаў. Значыць, ціхая разведка», - мяркуе суразмоўца выдання.
Даведацца, ці была мэтай палётаў разведка, можна, калі вывучыць аскепкі.