Тэрмін ультыматуму Трампа заканчваецца праз тры дні
1- 5.08.2025, 10:44
- 2,342
Фота: Getty Images
Украіна патрабуе жорсткіх санкцыяў супраць Пуціна.
Калі Уладзімір Пуцін не выкажа волю да міру ва Украіне, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пагражае ўвесці мыты ў 100% на тавары з Індыі і Кітая - найбуйнейшых пакупнікоў расейскай нафты, піша BILD.
Аднак украінскаму ўраду гэтага недастаткова. Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак апублікаваў у Washington Post артыкул "Як спыніць вайсковую машыну Пуціна". У ёй ён патрабуе ад Трампа ўвесці новыя жорсткія санкцыі супраць Расеі.
Са слоў Ермака, вайну рознымі спосабамі падтрымліваюць агенцтвы "Расатам" і "Раскосмас".
"Абодва агенцтвы павінны зазнаць усебаковыя санкцыі і быць выключаныя з супрацоўніцтва з заходнімі навуковымі і акадэмічнымі ўстановамі", - такія канкрэтныя патрабаванні Украіны.
Тое ж самае тычыцца "Газпромбанка" і іншых фінансавых інстытутаў РФ. Ярмак патрабуе ўвядзення "поўнай эканамічнай блакады" фінансавай сістэмы Пуціна. Усё гэта, як тлумачыць дарадца прэзідэнта Украіны, прадугледжана законапраектам аб санкцыях сенатараў ЗША Ліндсі Грэма і Рычарда Блументаля.
Трамп, аднак, пакуль нават не выносіць законапраект на галасаванне ў Кангрэсе, не гаворачы ўжо аб яго прымяненні. Відаць, прэзідэнт ЗША працягвае спадзявацца, што ўвядзенне мыт супраць Індыі і Кітая прымусіць Крэмль саступіць, мяркуе вайсковы аглядальнік BILD Юльян Ропка. Масква, Пекін і Нью-Дэлі, аднак, ужо заявілі, што і надалей маюць намер гандляваць адзін з адным.