Беларуска падала на аліменты, а былы муж у адказ - на праверку бацькоўства траіх дзяцей
72- 5.08.2025, 17:53
- 56,404
Выніку здзівіліся абодва.
Зварот у суд з мэтай спагнаць аліменты з былога мужа на ўтрыманне траіх непаўналетніх дзяцей закончыўся для жыхаркі Маларыцкага раёна нечаканай навіной - мужчына ініцыяваў правядзенне генетычнай экспэртызы. Чым усё скончылася, распавялі ў Дзяржкамітэце судовых экспэртыз, заўважыла «Зеркало».
Каб у далейшым быць упэўненым у бацькоўстве (а сумневы ў мужчыны былі) і фінансава дапамагаць родным дзецям, былы муж замовіў правядзенне генетычнай экспэртызы як адзіны варыянт развязання пытання.
«Вынікі судова-генетычнай экспэртызы расставілі ўсе кропкі над i. У ходзе правядзення даследавання экспэрты ўправы Дзяржаўнага камітэта судовых экспэртыз Берасцейскай вобласці выключылі біялагічнае бацькоўства мужчыны ў дачыненні да двух дзяцей, у дачыненні да трэцяга дзіцяці — сваяцтва пацверджанае», — расказалі ў Камітэце.
Там адзначылі, што пераважна за правядзеннем генетычнай экспэртызы звяртаюцца жанчыны з мэтай спагнання аліментаў на ўтрыманне дзяцей. Як правіла, бацькоўства пацвярджаецца. Але часам вынікі генетычнай экспэртызы з'яўляюцца нечаканасцю для абодвух бакоў - як, мабыць, у гэтым выпадку.