Трамп: Пуцін спыніцца, калі нафта патаннее яшчэ на 10 даляраў
29- 5.08.2025, 18:29
- 14,160
Тэрмін дзеяння ўльтыматуму прэзідэнта ЗША сканчаецца ў пятніцу
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у эфіры тэлеканала CNBC у аўторак, 5 жніўня, заявіў, што калі кошты на нафту ўпадуць яшчэ на 10 даляраў за барэль, дык Уладзімір Пуцін спыніць вайну РФ ва Украіне і «спыніць забіваць людзей», перадае DW.
На думку Трампа, у прэзідэнта Расеі "не застанецца выбару, таму што эканоміка яго краіны ў жаласным стане". У сувязі з гэтым кіраўнік Белага дома паўтарыў таксама свой намер у бліжэйшыя суткі павялічыць пошліны адносна Індыі з-за закупак расійскай нафты гэтай краінай, якія працягваюцца.
“У іх самы высокі тарыф з усіх. <...> Мы дамовіліся аб 25%, але я думаю, што істотна падвышу яго на працягу наступных 24 гадзін, таму што яны купляюць расейскую нафту, яны падсілкоўваюць ваенную машыну. І калі яны збіраюцца і надалей гэта рабіць, я не буду рады”, - дадаў Трамп.
З пачатку тыдня цана на нафту маркі Brent упала з узроўню 71-72 даляры за барэль да паказчыкаў ніжэйшых за 68 даляраў. Гэта стала вынікам рашэння арганізацыі АПЕК + нарасціць здабычу з верасня, а таксама брытанская кампаніяй BP выявіла ў Бразіліі найбуйнейшае за 25 гадоў радовішча нафты і газу. На падзенне цаны таксама паўплывалі паведамленні, што Індыя і Кітай працягнуць набываць расейскую нафту, нягледзячы на ціск ЗША і ЕЗ.
У Расеі кошт бензіну маркі "Прэміум-95" (АІ-95) другі дзень запар абнаўляе гістарычны максімум. 4 жніўня кошт перавысіў 77 тысяч расейскіх рублёў за тону, пабіўшы ўсталяваны ў 2023 годзе рэкорд у 76 876 рублёў. А 5 жніўня кошт тоны "АІ-95" дасягнуў 77 967 рублёў. Магчыма, гэта звязана з тым, што ўдары дронаў УСУ ўначы 2 жніўня вывелі са строю два буйныя нафтаперапрацоўчыя заводы ў Навакуйбышаўску і Разані.
14 ліпеня Трамп даў Расеі 50 дзён, каб спыніць вайну з Украінай, паабяцаўшы ў адваротным выпадку ўвесці другасныя тарыфы ў 100%. Праз два тыдні, 28 ліпеня, кіраўнік Белага дома скараціў 50-дзённы тэрмін да 10-12 дзён і зноў выказаў расчараванне прэзідэнтам Расеі. Новы дэдлайн заканчваецца 8 жніўня. Як сказаў Трамп, напярэдадні гэтага, 6 ці 7 жніўня, Маскву зноў наведае ягоны спецпасланнік Стывен Уіткаф.
Прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў, каментуючы пагрозу санкцый, заявіў пра "пэўны імунітэт" да іх, паколькі расейская эканоміка "досыць доўга" функцыянуе "пад вялікай колькасцю рэстрыкцый". Сам жа Пуцін, паводле звестак крыніц Reuters, праігнаруе ультыматум Трампа, паколькі ўпэўнены, што можа выйграць вайну, а санкцыі ЗША нібыта не акажуць моцнага ўплыву на эканоміку Расеі.