Расея папрасіла Эфіёпію здаць у арэнду пасажырскія самалёты
33- 5.08.2025, 19:53
- 19,722
Праз санкцыі РФ пазбаўленая доступу да заходняй авіятэхнікі і запчастак.
Расея прапанавала эфіёпскаму дзяржаўнаму авіяперавозчыку Ethiopian Airlines супрацоўніцтва ў галіне арэнды самалётаў і тэхнічнага абслугоўвання. Пра гэта паведамляе галіновае выданне ch-aviation са спасылкай на заяву Управы грамадзянскай авіяцыі Эфіёпіі (ECAA). Перамовы адбыліся 29 ліпеня ў сталіцы Эфіёпіі Адыс-Абебе. Расейскую дэлегацыю ўзначаліў гандлёвы прадстаўнік РФ у краіне Яраслаў Тарасюк, які сустрэўся з генеральным дырэктарам ECAA Ёханэсам Аберам.
З расейскага боку была агучаная цікавасць да так званага «мокрага лізінгу» - арэнды паветраных суднаў з экіпажам, тэхнічным абслугоўваннем і страхаваннем. Такая схема, як адзначае выданне, можа дазволіць расейскім авіякампаніям часова папоўніць дэфіцыт парка замежных самалётаў ва ўмовах летняга пікавага попыту. Асабліва гэта актуальна на фоне санкцый, праз якія РФ пазбаўленая доступу да заходняй авіятэхнікі і запчастак.
Адзін з магчымых шляхоў абыходу санкцыйных абмежаванняў - выкарыстанне самалётаў Boeing і Airbus з рэгістрацыяй Эфіёпіі, з эфіёпскім экіпажам і абслугоўваннем. Аднак, як падкрэслівае ch-aviation, падобная ўгода можа выклікаць сур'ёзныя пытанні ў рэгулятараў ЗША і ЗС, што патэнцыйна пагражае доступу Ethiopian Airlines да заходніх маршрутаў і паветранай прасторы.
З прычыны збояў у графіцы паставак ад Airbus і Boeing, эфіёпская авіякампанія сама адчувае недахоп новых самалётаў. Паводле інфармацыі ch-aviation, 11 самалётаў A350-900 і 11 Boeing 787-9 паступяць у парк Ethiopian Airlines толькі да 2028 году, што на год пазней першапачаткова запланаванага тэрміну.
Падчас сустрэчы абмяркоўвалі і іншыя формы ўзаемадзеяння: пастаўкі расейскага навігацыйнага абсталявання і ўдзел у развіцці рамонтнай авіяцыйнай інфраструктуры ў Эфіёпіі.
Таксама расейская дэлегацыя зацікаўленая падпісаць новае двухбаковае авіяцыйнае пагадненне паміж дзвюма краінамі і папрасіла падтрымкі Эфіёпіі ў галасаванні за склад Савета ІКАА (Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі).
Эфіёпскі бок выказаў гатоўнасць уважліва вывучыць прапановы Масквы пасля кансультацый з іншымі зацікаўленымі ведамствамі.