Выбух бачылі ў Румыніі: РФ пашкодзіла магістральны газаправод у Адэскай вобласці
1- 6.08.2025, 10:48
- 4,792
Полымя ўдалося патушыць.
Уначы на 6 жніўня УС РФ атакавалі дронамі Ізмаільскі раён. Аб гэтым заявіў старшыня Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпер.
«Нягледзячы на актыўную працу нашых сілаў СПА, ёсць пашкоджанні газавай інфраструктуры. На месцы ўспыхнуў пажар, які ў 07:25 ліквідавалі нашы пажарныя», - паведаміў ён.
Цяпер праводзяць працы па выпуску газу з сістэмы. Агонь знішчыў вытворчае абсталяванне. Праз тое, што быў пашкоджаны магістральны газаправод, 2,5 тысячы абанентаў часова засталіся без газу.
«Працы ў ліквідацыі наступстваў працягваюцца. На месцы працуюць усе ўпаўнаважаныя службы. Праваахоўнікі фіксуюць сляды чарговага злачынства расейцаў супраць мірнага насельніцтва», - дадаў кіраўнік АВА.
У сацсетках аб «моцным пажары» ў Адэскай вобласці паведамілі ў 1.24. Адзначалася, што яго было бачна нават з Румыніі.
«Вялізны слуп полымя на месцы ўдару», - перадавалі ўначы аўтары кантэнту.
Нагадаем, атака па Адэскай вобласці пачалася прыкладна ў 23.00 яшчэ 5 жніўня. Апоўначы кіраўнік АВА Алег Кіпер заклікаў жыхароў Ізмаільскага раёна хавацца ва ўкрыццях праз пагрозы БПЛА. Масіраваны ўдар дронаў працягваўся прыкладна да 01:15, і неўзабаве ў сетцы паведамілі аб пажары.