Хто найбуйнейшыя пакупнікі расейскай нафты?
- 6.08.2025, 10:58
- 5,776
Гэтыя краіны ўскосна фінансуюць вайсковую машыну Пуціна.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікае Кітай і Індыю спыніць закупкі нафты з Расеі, абвінавачваючы гэтыя краіны ва ўскоснай падтрымцы вайсковых дзеянняў Крамля супраць Украіны. На яго думку, спыненне паставак магло б узмацніць ціск на Пуціна і падштурхнуць яго да перамір'я, піша Independent (пераклад - сайт Charter97.org).
Аднак, нягледзячы на міжнародныя санкцыі і заклікі Захаду, Кітай, Індыя і Турцыя застаюцца найбуйнымі пакупнікамі расейскай нафты. Пасля ўступлення ў сілу нафтавага эмбарга ЕЗ у студзені 2023 года, плыні сыравіны пераарыентаваліся з Еўропы ў Азію. З тых часоў Кітай закупіў расейскія энэрганосьбіты на суму $219,5 млрд, Індыя - на $133,4 млрд, а Турцыя - на $90,3 млрд.
Галоўная прычына такога ўстойлівага гандлю - нізкі кошт расейскай нафты. Яна прадаецца з дысконтам у дачыненні да міжнароднай бенчмаркі Brent, што дазваляе перапрацоўшчыкам атрымліваць высокія прыбыткі.
Нягледзячы на спробы краін G7 абмежаваць даходы Расеі з дапамогай коштавай столі і абмежаванняў на страхаванне і перавозку, Масква знаходзіць абыходныя шляхі. Расейская нафта актыўна транспартуецца праз так званы «ценявы флот» - старыя судны, якія абслугоўваюцца страхавальнікамі і трэйдарамі з краін, якія не падтрымалі санкцыі.
Паводле ацэнак Кіеўскай школы эканомікі, у чэрвені Расея атрымала $12,6 млрд ад экспарту нафты. Прагноз на 2025 год — $153 млрд. Гэтыя даходы застаюцца ключавой крыніцай папаўнення бюджэту, падтрымліваюць курс рубля і даюць магчымасць Расеі закупляць узбраенне і камплектуючыя за мяжой.