Лукашэнка не дапаможа
2- 6.08.2025, 12:07
- 5,692
Беларускія НПЗ не здольныя выратаваць Расею ад дэфіцыту бензіну.
Кошты бензіну ў Расеі выраслі да гістарычна рэкорднага ўзроўню, але гэта не дапамагае. У жніўні ў Расеі можа ўзнікнуць дэфіцыт бензіну. Вялікая нафтавая супердзяржава сутыкаецца з недахопам паліва ўжо трэці раз за апошнія чатыры гады. Так што зноў давядзецца клікаць на дапамогу беларускія НПЗ. Беларускім НПЗ гэтая просьба наўрад ці спадабаецца, але адмовіцца не атрымаецца, піша planbmedia.io.
Урад Расеі да канца жніўня працягнуў поўную забарону экспарту бензіну. Бо самім не стае. Кошты бензіну ў Расеі ставяць рэкорды, але далей будзе, відаць, толькі горш. Далей, як гэта не раз ужо здаралася, Расеі пагражае дэфіцыт бензіну.
Чыннікі дэфіцыту не адрозніваюцца арыгінальнасцю. Канец лета - гэта такі высокі сезон, калі праз уборачную паліва трэба больш, чым звычайна. А вырабляюць яго менш. Як і ў пачатку 2024 года расейскую нафтаперапрацоўку пашкодзілі ўкраінскія дроны.
Разанскі НПЗ, які перапрацоўвае 13 мільёнаў тон нафты за год, страціў палову сваіх магутнасцяў. Навакуйбышэўскі НПЗ, з перапрацоўкай у 5,7 мільёна тон, пасля атакі дронаў наогул спыніўся.
Пры гэтым праз высокія стаўкі ў крэдытах прыватныя кампаніі АЗС не змаглі закупіцца бензінам загадзя. А попыт апынуўся нават крыху вышэйшы за звычайны праз напад украінскіх дронаў на расейскія аэрапорты.
У пачатку 2024 года, калі расейскія НПЗ таксама пацярпелі ад украінскіх дронаў, расейскія ўлады звярнуліся па дапамогу да Беларусі. Крыніцы на рынку сказалі агенцтву Рэйтэр, што сёлета просьба можа паўтарыцца. Іншая рэч, што беларускія ўлады наўрад ці будуць ад яе ў захапленні.
У аўторак кошт тоны бензіну ў Расеі вырас да 77 тысяч расейскіх рублёў. Гэта значыць каштавала танней за тысячу даляраў. Куды Беларусь прадае сваё паліва - таямніца, пакрытая цемрай. Але, скажам, у Кітай ці Індыю беларускі бензін можна прадаваць коштам ад 1300 да 1500 даляраў за тону. У Афрыцы кошт вагаецца ад тысячы да паўтары тысячы. У ПАР - 1600 даляраў за тону, у Кеніі - 1900. А ў дружалюбным Зімбабвэ тона бензіну каштуе наогул больш за дзве тысячы даляраў.
І нават пры гэтых коштах Лукашэнка яшчэ на пачатку года скардзіўся, што беларускія НПЗ працуюць сабе на страту. А кошты на расейскім рынку, нават пры іх цяперашнім рэкордным узроўні, прэміяльнымі сапраўды не назавеш.
Іншая справа, што калі папросяць, то адмовіцца не атрымаецца. Калі Расея пакрыўдзіцца, дык не застанецца ні нафты для беларускіх НПЗ, ні доступу на альтэрнатыўныя рынкі для беларускага паліва.
Праўда, просьбу можна таксама выканаць па-рознаму. У сакавіку 2024 года, калі на расійскім паліўным рынку здарыліся чарговыя часовыя цяжкасці, Беларусь паставіла ў Расію тры тысячы тон бензіну. Пры гэтым, месячнае спажыванне бензіну ў Расіі складае тры мільёны тон. Гэта значыць беларускія НПЗ дапамаглі саюзніку на адну дзясятую працэнта.