Зяленскі наведаў 225-ы асобны штурмавы полк на Сумшчыне
- 6.08.2025, 18:25
- 1,728
Падраздзяленне можа стаць асобнай брыгадай.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў пункт управы 225-га асобнага штурмавага палка на Сумшчыне. Падраздзяленне могуць маштабаваць да ўзроўню брыгады.
Пра гэта ён паведаміў у сацсетках.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што гэта падраздзяленне было першым, якое ў мінулым годзе зайшло на тэрыторыю Курскай вобласці.

“Пагаварыў з камандзірамі. Былі даклады пра вызваленне Андрэеўкі і Кандратаўкі на Сумшчыне, расейскія спробы контратак, нашыя наступныя крокі ў вызваленні ўкраінскай зямлі.Гаварылі пра патрэбы, узровень забеспячэння, падрыхтоўку навабранцаў і інструктараў. Камандзір палка звярнуўся з просьбай маштабаваць падраздзяленне да ўзроўню брыгады. Абмяркую гэта пытанне з галоўнакамандуючым”, - адзначыў Зяленскі.

Прэзідэнт Украіны падзякаваў воінам за службу і вынікі, якія дзякуючы ім прынесла Курская аперацыя, і адзначыў украінскіх абаронцаў дзяржаўнымі ўзнагародамі.