Расія ўдарыла па трубаправодзе, які забяспечвае Украіну газам з ЗША і Азербайджана.
4- 6.08.2025, 19:34
- 6,256
Расейскія вайскоўцы правялі атаку на кампрэсарную станцыю ў Адэскай вобласці.
Уначы 6 жніўня расейскія вайскоўцы правялі атаку на кампрэсарную станцыю «Аператара ГТС Украіны» у Адэскай вобласці, паведаміла Мінэнэрга. Аб'ект выкарыстоўваюць дзеля паставак газу ў краіну. Станцыя размяшчаецца ў вёсцы Навасельскае на мяжы з Румыніяй і забяспечвае дыверсіфікаваны маршрут, які злучае грэчаскія LNG-тэрміналы з украінскімі газасховішчамі праз Трансбалканскі газаправод. Па ім Украіна атрымлівала звадкаваны прыродны газ з ЗША і блакітнае паліва з Азербайджана, якое дастаўлялі ў тэставым рэжыме.
У Мінэнэрга ўдакладнілі, што станцыю атакавалі "дзясяткі беспілотнікаў". Ведамства адзначыла, што ўдар наносілі "мэтанакіравана, па грамадзянскай інфраструктуры" дзеля таго, каб нашкодзіць гандлёвым адносінам Украіны з Азербайджанам, ЗША і еўрапейскімі партнёрамі. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі паведаміў, што праз пашкоджанне станцыі "сотні сем'яў засталіся без газу". "Гэта быў свядомы ўдар па нашай падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона, абсалютна цынічны, як і кожны расейскі ўдар па ээергетыцы", - адзначыў ён.
Міністр энэргетыкі Святлана Грынчук назвала масаваную атаку на асноўную кампрэсарную станцыю Трансбалканскага маршруту "выразным і зразумелым сігналам для ўсёй Еўропы", якая плануе поўнасцю адмовіцца ад расейскага прыроднага газу да 2027 года. Паводле яе слоў, тое, што адбылося, "сведчыць, што Масква будзе выкарыстоўваць усе даступныя сродкі і рычагі дзеля знішчэння энэргетычнай незалежнасці" ЕЗ. Грынчук дадала, што, калі партэры не прымуць меры, то "ні адзін інфраструктурны аб'ект у Еўропе не будзе ў бяспецы". “Беспакаранасць толькі пашырае тэрор. Менавіта таму Расея павінна адказаць за зробленае”, - падкрэсліла яна.
Азербайджан пачаў дастаўляць газ ва Украіну праз Трансбалканскі трубаправод (пралягае праз Турцыю, Балгарыю, Румынію) у ліпені. "Нафтагаз" уклаў адпаведнае пагадненне з азербайджанскай дзяржкампаніяй SOCAR. У Мінэнэрга Украіны тады адзначылі, што аб'ёмы паставак невялікія, але маюць "стратэгічнае значэнне".