9 снежня 2025, aўторак, 2:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Францыі разгарэўся найбуйнейшы з 1949 года лясны пажар

2
У Францыі разгарэўся найбуйнейшы з 1949 года лясны пажар
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Сотні мясцовых жыхароў пакінулі свае дамы.

У дэпартаменце Од на поўдні Францыі з вечару аўторка, 5 жніўня, разгарэліся буйныя лясныя пажары, як мінімум адзін чалавек загінуў, яшчэ дзевяць атрымалі траўмы, пашкоджаныя аўтамабілі і будынкі. У тушэнні загаранняў задзейнічаныя больш за 1,8 тысячы пажарных, а таксама ўсе пажарныя самалёты краіны, паказвае AFP.

Пажар пачаўся напярэдадні а 16-й паводле мясцовага часу. Менш чым за суткі агонь праз моцны вецер і засушлівае надвор'е распаўсюдзіўся ў рэгіёне Карб'ер ля ўзбярэжжа Міжземнага мора і знішчыў расліны на плошчы як мінімум 15 тысячаў гектараў. У невялікай камуне Сен-Ларан-дэ-ла-Кабрэрыс у згарэлым доме загінулай знойдзеная пажылая жанчына, якая адмовілася эвакуявацца. Яшчэ адзін жыхар паселішча абвешчаны зніклым без вестак. Паводле звестак мясцовых уладаў, адзін жыхар таксама атрымаў небяспечныя для жыцця апёкі. Яшчэ восем чалавек абышліся лёгкімі раненнямі, у іх ліку сем пажарных, якія атруціліся дымам.

Пажар знішчыў або пашкодзіў як мінімум 25 жылых дамоў. Улады эвакуявалі два кэмпінгі, а таксама сотні мясцовых жыхароў. Прыбярэжную трасу А9, якая злучае Францыю і Гішпанію, на адрэзку паміж гарадамі Нарбона і Перпіньян (амаль 75 км), а таксама мноства менш загружаных мясцовых дарог перакрывалі на некалькі гадзінаў. Улады пачалі расследаванне прычынаў загарання.

Пажар на поўдні Францыі стаў паводле ацэнкі AFP наймацнейшым у краіне за гэтае лета пры тым, што ўсяго з пачатку чэрвеня толькі на міжземнаморскім узбярэжжы зафіксавана блізу дзевяці тысячаў загаранняў. А парыжскае выданне Le Parisien, спасылаючыся на ацэнку Міністэрства экалогіі Францыі, называе пажар у Одзе найбуйнейшым для Францыі з 1976 года, калі згарэла 80 тысячаў гектараў лесу. З таго часу ніводны пажар у краіне не ахопліваў плошчу больш за 10 тысячаў гектараў. Летам 2022 года ў выніку пажараў у дэпартаменце Жырандэ згарэла амаль 30 тысячаў гектараў лесу, але гэта стала вынікам не аднаго, а некалькіх загаранняў.

Пры гэтым тэлеканал BFM TV прыводзіць каментар міністра ўнутраных справаў Францыі Бруна Рэтаё, які назваў пажар у Одзе найбуйнейшым у Францыі з 1949 года, калі згарэла блізу 52 тысячаў гектараў. Верагодна, ацэнкі адрозніваюцца таму, што ў 1976 годзе такая вялікая шкода была нанесеная не праз адзін, а праз некалькі пажараў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках