Зяленскі: Падобна, цяпер Расея больш настроеная на перамір'е
32- 6.08.2025, 21:25
- 17,176
Прэзідэнт анансаваў сустрэчу дарадцаў у нацыянальнай бяспецы Украіны і партнёраў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля тэлефанавання з Дональдам Трампам і еўрапейскімі партнёрамі заявіў, што, здаецца, цяпер Расея больш настроеная на спыненне агню. Пра гэта кіраўнік дзяржавы расказаў у вечаровым звароце.
«Мы абмеркавалі, што гучала ў Маскве. Падобна, Расея цяпер больш настроеная на спыненне агню. Ціск на іх спрацоўвае, але галоўнае, каб яны не падманулі нас у дэталях – ні нас, ні Злучаныя Штаты», – расказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле ягоных словаў, Украіна прапанавала, каб у найбліжэйшы час дарадцы ў нацыянальнай бяспецы яе і партнёраў правялі перамовы для вызначэння агульнай пазіцыі.
«Для нас, для Украіны гэта вельмі важна. Украіна сапраўды абароніць сваю незалежнасць. Нам усім патрэбны доўгі і надзейны мір. Расея павінна скончыць вайну, якую сама і пачала», – падкрэсліў прэзідэнт.
Ва Украіне афіцыйна няма пасады дарадцы ў пытаннях нацыянальнай бяспекі, але звычайна ягоныя функцыі выконвае кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак.