«За дзевяць гадоў шлюбу з ім такога не здаралася»
6- 7.08.2025, 10:47
- 9,746
Мянчук на Lexus загадкава знік пад Лагойскам.
Мянчук Кірыл Шаблінскі пасля візіту да маці знік у Лагойскім раёне разам з аўтамабілем. Ён перастаў выходзіць на сувязь увечары 4 жніўня, і з таго часу пра яго месцазнаходжанне нічога не вядома. Апошні раз яго Lexus зафіксавалі камеры ў Плешчаніцах, піша Kraj.by.
46-гадовы жыхар Менска Кірыл Шаблінскі знік увечары 4 жніўня пасля візіту да маці ў паселішчы Драчкава Смалявіцкага раёна. Ён накіроўваўся дадому на сваім Lexus і а 21.00 паведаміў жонцы, што збіраецца заехаць да заказчыка. Пасля гэтага сувязь з ім абарвалася, а тэлефон дагэтуль не ўключаўся. Блізу 30 валанцёраў на працягу ночы з 5 на 6 жніўня прачэсвалі Плешчаніцы — менавіта ў гэтым гарадскім пасёлку камеры апошні раз зафіксавалі аўтамабіль Шаблінскага.
Нягледзячы на маштабныя пошукі, якія працягваліся да чатырох раніцы, ні сам мужчына, ні яго аўтамабіль выяўленыя не былі. Камандзір ПСА «Анёл» Сяргей Коўган расказаў, што ў Кірыла не было ў аўто ўбудаванага навігатара, імаверна, ён арыентаваўся праз тэлефон. Чаму ён апынуўся ў Плешчаніцах — незразумела: там у яго няма ні сваякоў, ні знаёмых. Мянчук раней ніколі не знікаў і не быў заўважаны ў праблемах з алкаголем.
- Са слоў заяўніцы, нічога падобнага з яе мужам не здаралася на працягу дзевяці гадоў шлюбу, - распавёў Коўган.
Справа перададзеная міліцыі. Усіх, хто валодае інфармацыяй пра мужчыну або ягоны аўтамабіль, просяць звярнуцца ў ПСА «Анёл» або ў міліцыю.
