NSJ: Прапанова Крамля аб «паветраным замірэнні» з Украінай - афера
3- 7.08.2025, 11:33
- 5,854
Расея хоча толькі здабыць час і захаваць пазіцыі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даў Расеі тэрмін для дасягнення мірнага пагаднення ва Украіне да 8 жніўня. Крэмль нібыта разглядае ідэю " «паветранага замірэння» — часовай паўзы ў нанясенні ўдараў дальнабойнымі ракетамі і дронамі, піша National Security Journal (пераклад — сайт Charter97.org).
Ініцыятыва, прапанаваная Лукашэнкам, не прадугледжвае спыненне наземных баявых дзеянняў, што, на думку аналітыкаў, дае Расеі значную перавагу.
Аналітыкі мяркуюць, што «паветранае замірэнне» пазбавіць Украіну яе самых эфектыўных сродкаў нанясення удараў па расейскай лагістыцы — складах паліва, аэрадромах і лініях забеспячэння — у той час як расейскі наступ на зямлі працягнецца.
Расейскі палітолаг Сяргей Маркаў назваў прапанову «падарункам» для Трампа, гэта можа знізіць імавернасць увядзення новых санкцый супраць Масквы.
Аднак крытыкі разглядаюць ініцыятыву не крокам да міру, а тактычным манеўрам. Расея працягвае нарошчваць ўдары дронамі і ракетамі, а ўкраінскае войска імкнецца дасягнуць парытэту ў гэтай сфэры. Нядаўнія заявы Кіева аб вытворчасці да 1000 перахопнікаў на дзень кажуць аб росце магчымасцях УСУ. Калі Украіна пагодзіцца на «паветранае замірэнне», яна страціць ключавую перавагу на фоне ўзмацнення наземнага ціску з боку Расеі.
Ці пагодзіцца Трамп на такую «саступку» і ці прыме яе Кіеў — пакуль не зразумела. Але для многіх назіральнікаў відавочна: гэтая ініцыятыва — не крок да міру, а спроба Расеі здабыць час і захаваць пазіцыі.