9 снежня 2025, aўторак, 18:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Куды прыбылі першыя эшалоны расейскіх вайскоўцаў?

16
Куды прыбылі першыя эшалоны расейскіх вайскоўцаў?
Фота: Мінабароны РБ

Рэжым паспрабаваў схаваць гэтую інфармацыю.

Міністэрства абароны Беларусі 6 жніўня паведаміла аб прыбыцці першага эшалона з вайскоўцамі РФ і тэхнікай для падрыхтоўкі і ўдзелу ў супольным стратэгічным вучэнні УС РБ і РФ «Захад-2025», якое пройдзе ў верасні.

Расейцаў сустракалі з караваямі, як і ў 2022 годзе, перад нападам на Украіну. Месца прыбыцця эшалона з вайсковай аўтатэхнікай не ўдакладнялася, твары вайскоўцаў былі заблюраныя. У МА РБ нават зарэтушавалі на расейскіх вагонах нумары і станцыі прыпіскі.

Фота: Мінабароны РБ

Аб меркаванай лакацыі можна меркаваць па адной з дзяўчат, якая трымала ў руках каравай. Як высветліў "Флагшток", як мінімум да нядаўняга часу яна жыла ў Барысаве. Гэта можа паказваць, што здымка праходзіла ў Менскай вобласці.

Фота: Мінабароны РБ

Пазней 6 жніўня Мінабароны паказала прыбыццё яшчэ аднаго расейскага цягніка з вайскоўцамі і тэхнікай. На гэты раз паведамлялася, што першы вайсковы кантынгент прыбыў для падрыхтоўкі і ўдзелу ў «серыі вучэнняў у фармаце АДКБ», якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі ў пачатку верасня — з калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання (КСАР) «Узаемадзеянне-2025», з сіламі і сродкамі выведкі «Пошук-2025», з сіламі і сродкамі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння КСАР «Эшалон-2025».

Фота: Мінабароны РБ

Лакацыя зноў не называлася, а твары вайскоўцаў, якіх таксама сустракалі з караваем, былі заблюраныя. Але ў паведамленні была адсылка да 103-й віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, якая падала фота.

Як устанавіла медыя, здымкі былі зробленыя на ст. Лосвіда ў раёне вёскі Саўчанкі Віцебскага раёна за 60 кіламетраў ад мяжы Беларусі і Расеі.

Фота: Мінабароны РБ

Каля гэтай станцыі знаходзіцца воінскі палігон»Лосвіда". Паводле звестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», у ліпені 2023 года сюды планавалася перавозка «вагнераўцаў» для навучання стральбе некаторых падраздзяленняў беларускіх Узброеных Сіл.

Канал 103-й брыгады, а таксама іншыя рэсурсы сілавікоў масава рэпосцяць папярэджанні аб забароне фатаграфавання вайсковай тэхнікі падчас вучэнняў, пагражаючы крымінальным пераследам.

Раённыя газеты, у адрозненне ад 2022 года, пакуль не паведамлялі аб урачыстых сустрэчах у сваіх рэгіёнах расейскіх вайскоўцаў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках