«У банку пацвердзілі, што даляры сапраўдныя»
18- 7.08.2025, 15:41
- 11,176
Беларуска купіла на Wildberries валюту нечаканым курсам.
Беларуска Марына з цікаўнасці купіла на Wildberries сапраўдныя даляры. Аб'ява аб продажы банкнот хоць і знаходзілася ў раздзеле «манеты сувенірныя», прадавец запэўніваў: ён адпраўляе пакупнікам сапраўдныя купюры. І гэта было праўдай, піша MyFin.
- Я ўбачыла, што на Wildberries розныя прадаўцы прапануюць купіць купюру на два даляры. Я замовіла яе дзеля цікаўнасці. Забрала ў пункце выдачы, аднесла грошы ў банк, каб паказаць іх работніцы абменнага пункта. У банку пацвердзілі, што яны сапраўдныя, - распавяла беларуска.

Марына паказала тую самую аб'яву, дзе гаварылася аб продажы сапраўдных даляраў. У водгуках раз-пораз праскокваюць скаргі ў стылі «прыйшлі адны карцінкі», пры гэтым агульная адзнака тавару 4,8 бала з 5. Дарэчы, прадавец проста ў картцы тавару рэкамендуе правяраць цэласнасць упакоўкі пры атрыманні. Прадавец паказвае, што каштоўнасць банкноты ў тым, што яна з'яўляецца рэдкай і нібыта прыносіць поспех.
Два даляры каштавалі Марыне амаль 18 рублёў, гэта значыць па 9 рублёў за кожны — прыкладна ўтрая разы даражэй за афіцыйны курс.
Журналістка па прыкладзе чытачкі таксама замовіла даляры на Wildberries, гэтым разам банкноту наміналам на 2 даляра ўдалося купіць толькі больш высокім коштам, за 26 рублёў. Купюру аднеслі ў банк, каб пацвердзіць або зняпраўдзіць яе сапраўднасць.
Працаўніца банка папрасіла даць пашпарт і заплаціць 1,5 рубля за праверку сапраўднасці грошай. Таксама яна патлумачыла, што калі даляры з'яўляюцца падробкай, яна выкліча міліцыю.
- Банкнота ў выдатным стане. Як шаўковая, прыемна дакрануцца. Яна выпушчаная ў 2017 годзе, але ёю як быццам не карысталіся. Звычайна прыносяць пакамечаныя грошы, а гэтая купюра ідэальная, — здзівілася працаўніца касы. - Гэтыя грошы сапраўдныя.

У чым каштоўнасць такой купюры? Па адказ на гэтае пытанне партал звярнуўся да нумізмата. Вось такі адказ даў экспэрт Сяргей Колбун:
- Я не бачу тут прыкмет нейкай рэдкасці і каштоўнасці. У Расеі даляр не з'яўляецца папулярнай валютай, у адрозненне ад Беларусі. Магчыма, мэтавая аўдыторыя прадаўца - расейцы, якія палічаць такую банкноту незвычайнай, бо ніколі яе нават і не бачылі. Таксама бачу ў аб'яве пазнаку «на поспех». На маю думку, гэта не больш чым рэкламны ход, а сама аб'ява накіраваная на недасведчанага пакупніка. Гэта звычайная купюра, яе каштоўнасць адпавядае наміналу або на 1-2 даляры вышэй за намінал. Яе можна набыць у абменным пункце, але давядзецца выдаткаваць на гэта час.