Журналіста Данііла Палянскага абвінавацілі ў «дзяржаўнай здрадзе»
9- 7.08.2025, 15:52
- 8,938
Яго прысудзілі да 10 гадоў.
Справу супраць журналіста-фрылансера Данііла Палянскага разглядаў Берасцейскі абласны суд. Судовы працэс пачаўся ў сярэдзіне ліпеня і праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд прагучаў 25 ліпеня, піша БАЖ.
Пасля некалькіх пасяджэнняў Берасцейскі абласны суд прызнаў Данііла Палянскага вінаватым у «здрадзе дзяржаве» (паводле ч.1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса РБ) і прысудзіў да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Акрамя таго, суд прызначыў штраф на карысць дзяржавы сумай 500 базавых адзінак — на сённяшні дзень гэта 21 000 рублёў. Праз «засакрэчанасць» судовага працэсу сутнасць абвінавачванняў, выстаўленых супраць журналіста, па-ранейшаму застаецца невядомай.
Журналіст-фрылансер быў затрыманы, хутчэй за ўсё, 19 верасня 2024 года пасля вяртання на радзіму з Расеі. Дакладная дата невядомая, але пазней з ім знікла сувязь.
Даніілу Палянскаму 54 гады. У якасці відэааператара ў свой час супрацоўнічаў з дзяржаўнымі і камерцыйнымі тэлеканаламі, а таксама з незалежнымі рэгіянальнымі сайтамі. У апошнія гады быў вядомы ў Берасці як валанцёр пошукава-выратавальнага атрада «Анёл».