Трамп раскрыў супольнікам умовы Пуціна на мірных перамовах
47- 7.08.2025, 16:03
- 52,344
Прэзідэнт ЗША заявіў пра «абмен тэрыторыямі».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў Еўрапейскім хаўруснікам, што расейскі дыктатар Уладзімір Пуцін адкрыты да мірных перамоў, але пры ўмове, што яны будуць прадугледжваць пытанне «абмену тэрыторыямі». Пра гэта піша Bloomberg са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.
Так, учора Трамп паведаміў, што існуе «вельмі добры шанец» сустрэцца з Уладзімірам Пуціным і Уладзімірам Зяленскім найбліжэйшым часам.
Са слоў некалькіх дасведчаных крыніц, падчас учорашняй тэлефоннай размовы з еўрапейскімі лідарамі Трамп станоўча выказаўся аб магчымасці спынення агню ва Украіне. Ён таксама выказаў здагадку, што Пуцін адкрыты да пачатку мірных перамоў пры ўмове, што будуць абмяркоўвацца ў тым ліку пытанні абмену тэрыторыямі, паведамілі крыніцы.
Што менавіта маецца на ўвазе пад «абменам тэрыторыямі», не ўдакладняецца. Аднак у гэтым кантэксце Bloomberg нагадвае, што раней Пуцін заявіў прэтэнзіі на ўкраінскую паўвыспу Крым, а таксама на ўсходнія і паўднёвыя ўкраінскія вобласці - Данецкую, Луганскую, Запарожскую і Херсонскую.
«Раней ЗША прапаноўвалі прызнаць Крым расейскім як частку кожнага пагаднення і фактычна перадаць кантроль над часткамі іншых украінскіх рэгіёнаў, якія акупуе Расея. У рамках гэтых папярэдніх прапаноў кантроль над тэрыторыямі Запарожжа і Херсоншчыны павінен быў быць вернуты Украіне», - пішуць аўтары публікацыі, нагадваючы пра яшчэ вясновыя прапановы.