Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да чарговага прадаўца беларускіх угнаенняў
1- 7.08.2025, 16:55
- 1,846
«ГрандГраніт» - у чорным спісе.
Беларускае прадпрыемства «ГрандГраніт» дададзенае ў санкцыйны спіс Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (МВДіА) Польшчы на запыт кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі (ННА), заўважыў «Позірк».
Паводле апублікаванага 7 жніўня паведамлення на сайце ННА, гэта прадпрыемства ўдзельнічала ў абыходзе санкцый, накладзеных на беларускага вытворцу ўгнаенняў «Гродна Азот».
Ведамства ўстанавіла, што ў студзені 2025 года ў ТАА «ГрандГраніт» змяніліся права ўласнасці, адрас і від дзейнасці. Новым уладальнікам стала асоба, звязаная з ТАА «Тэхнпспецтрэйдынг» і ТАА «Тэхнпспецтрэйдынгэкспарт», якія былі ўнесеныя ў санкцыйны спіс МВДіА 18 снежня 2024 года.
Паведамляецца, што з сакавіка 2025 года ТАА «ГрандГраніт» арандуе невялікі склад недалёка ад Менска «без якіх-небудзь знешніх прамысловых збудаванняў (трубаправодаў, вонкавых рэзервуараў)». Кампанія валодала абсталяваннем для падрыхтоўкі вадкіх комплексных угнаенняў для сельскагаспадарчага выкарыстання.
«Пры гэтым ТАА «ГрандГраніт» паказала, што вытворчасць угнаенняў ажыццяўлялася на заводзе «Гродна Азот», і выкарыстоўвала яго інфраструктуру. Тавар адгружаўся з Гародні, а ТАА «ГрандГраніт» мела бізнэс кантакты з «Гродна Азот», што сведчыць аб тым, што фактычным вытворцам гэтага тавару з'яўлялася «Гродна Азот», — мяркуюць у Варшаве.
Адзначаецца, што гэта ўжо сёмы суб'ект гандлю ўгнаеннямі беларускага вытворцы «Гродна Азот», які МВДіА на прапановк ННА ўнесла ў Нацыянальны санкцыйны спіс.