ЗША забяспечылі сабе кантроль над стратэгічным транзітным калідорам
8- 7.08.2025, 18:08
- 5,856
У рамках мірнай дамовы паміж Арменіяй і Азербайджанам.
У пятніцу ў Белым доме адбудзецца гістарычнае падпісанне мірнага пагаднення паміж Арменіяй і Азербайджанам пры пасярэдніцтве прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Адным з ключавых пунктаў дамоўленасці стане перадача Злучаным Штатам выключных правоў на развіццё стратэгічнага транзітнага калідора праз Паўднёвы Каўказ, піша агенцтва Reuters (пераклад – сайт Charter97.org).
Гэты калідор, які атрымаў назву «Шлях Трампа за міжнародны мір і росквіт» («Trump Route for International Peace and Prosperity»– TRIPP), звяжа асноўную тэрыторыю Азербайджана з яго эксклавам Нахічэвань, які мяжуе з Турцыяй. Калідор будзе дзейнічаць паводле армянскіх законаў, а ЗША атрымаюць права здаваць адрэзак у субарэнду кансорцыуму, адказнаму за будаўніцтва і кіраванне інфраструктурай.
На думку амерыканскіх чыноўнікаў, камерцыйнае асваенне TRIPP дапаможа стабілізаваць рэгіён, знізіць рызыкі аднаўлення баявых дзеянняў і адкрыць эканамічныя магчымасці для краінаў Паўднёвага Каўказа.
Акрамя таго, у рамках пагаднення Арменія і Азербайджан падпішуць супольны дакумент з просьбай аб роспуску Менскай групы, створанай у 1992 годзе для ўрэгулявання канфлікту вакол Нагорнага Карабаха пад сустаршынствам ЗША, Францыі і Расеі.
Мірныя перамовы актывізаваліся пасля візіту спецпасланніка ЗША Стыва Уіткафа ў сакавіку. Вашынгтон таксама спадзяецца, што пагадненне адкрые шлях для магчымага далучэння Азербайджана да «Пагадненняў Абрагама» – ініцыятывы нармалізацыі стасункаў паміж Ізраілем і мусульманскімі краінамі.