Ва Украіне супрацоўнікаў ТЦК абавяжуць насіць відэарэгістратары
1- 7.08.2025, 19:49
- 3,288
З 1 верасня.
Ва Украіне з 1 верасня ўсіх супрацоўнікаў тэрытарыяльных цэнтраў камплектавання і сацыяльнай падтрымкі (ТЦК і СП) абавяжуць насіць нагрудныя відэарэгістратары падчас праверкі дакументаў або ўручэння позваў. Пра гэта заявіў у чацвер, 7 жніўня, міністр абароны Украіны Дзяніс Шмыгаль.
«Гэта дазволіць забяспечыць празрыстасць і законнасць дзейнасці групаў апавяшчэнняў ТЦК, а таксама абароніць правы абодвух бакоў», – напісаў Шмыгаль. Пры парушэнні новых правілаў супрацоўнікамі ТЦК прадугледжаная дысцыплінарная адказнасць, дадаў Шмыгаль.
Раней ва Украіне неаднаразова адбываліся канфлікты паміж жыхарамі і прадстаўнікамі ТЦК. Так, 1 жніўня ў Вінніцы людзі сабраліся каля мясцовага стадыёна «Лакаматыў» і патрабавалі вызваліць мужчыну, меркавана затрыманага супрацоўнікамі ТЦК за ўхіленне ад вайсковай службы. З прычыны гэтага адбыліся сутыкненні з паліцыяй. Паводле звестак СМІ, у іх удзельнічалі блізу 80 чалавек.
3 жніўня ў вёсцы Бугскае Мікалаеўскай вобласці «невядомыя асобы здзейснілі напад на вайскоўцаў», паведамілі ў мясцовым ТЦК. «Цывільныя асобы, узброеныя бітамі і металічнымі трубамі, пашкодзілі аўтамабільны транспарт і нанеслі цялесныя пашкоджанні салдату з групы апавяшчэння», – сцвярджаецца ў паведамленні.