У Чэхіі вылавілі рэкорднага сома даўжынёй амаль 2,7 метра
1- 7.08.2025, 21:06
- 8,278
Фотафакт.
У вадасховішчы Вранаў каля Прагі прафесійны рыбак Якуб Вагнер вылавіў гіганцкага сома даўжынёй 2 метры 68 сантыметраў – гэта новы рэкорд для Чэхіі, піша BILD.
Паводле словаў рыбака, яму ўдалося злавіць рыбу ранняй раніцай – у цьмяным святле світання ён заўважыў «нешта цёмнае і велізарнае» каля сваёй надзьмуванай лодкі.
«Я ўпэўнены, што гэта адзін з самых вялікіх сомаў, якіх я бачыў у Еўропе. Барацьба з гігантам заняла амаль гадзіну – я ледзь трымаў вуду. Звычайна я спраўляюся з гэтым за 20 хвілінаў, але праз паўгадзіны я нават не бачыў сома. Ён быў не проста доўгі, ён быў жахліва велізарны», – сказаў Вагнер.

Рыбак прызнаўся ў сваім Instagram, што «ніколі не быў такім знясіленым». Калі выцягнуў трафей на бераг, дыхаў, «як пасля марафону».
Пасля вымярэнняў рэкардсмэна-сома выпусцілі назад у ваду. Вагнер падкрэслівае, што ніколі не забівае рыбу, якую ловіць.
Нагадаем, што ў канцы ліпеня партал Fishingby.com пісаў пра беларуску Кацярыну Варанцову, якая злавіла ў Прыпяці сома даўжынёй 2,25 метра.
У ліпені 2024 года ў Нёмане быў злоўлены двухметровы сом вагой 75 кг. А ў 2013 годзе жыхар Гомеля злавіў рыбу вагой 62 кілаграмы і даўжынёй 185 сантыметраў.