Літва канчаткова разрывае сувязь з энэргасістэмай Беларусі
6- 8.08.2025, 10:58
- 2,764
Да канца 2026 года будзе дэмантаваная ўся інфраструктура.
Літоўскі аператар сістэмы перадачы электраэнэргіі Litgrid шукае выканаўцаў, якія дэмантуюць лініі электраперадачы з Беларуссю і Калінінградам, піша «Позiрк».
Арганізацыя паведаміла 8 жніўня, што цяпер гэтыя лініі «адключаныя і часткова разабраныя», але іх трэба будзе цалкам дэмантаваць. Выканаць асноўныя работы дэмантажу ліній з Беларуссю плануецца да канца 2026 года.
Гаворка ідзе пра 12 міжсістэмных ліній (напружаннем 330 кВ — 5, 110 кВ — 7).
6 жніўня гэтага года аператар ужо падпісаў дамовы падраду на дэмантаж паветраных ліній 330 кВ «Паставы-Ігналінская АЭС» і «Утэна — Паставы», а таксама двухланцужковай лініі 110 кВ «Ігналінская АЭС — Відзы/Ігналінская АЭС — Опса».
Абвешчаны тэндар на дэмантаж ліній 330 кВ «Алітус-Гродна», «Вільня — Маладзечна», «Пабрадзе — Падольцы» і 110 кВ «Салечнікі — Воранава», «Кальвеляй — Ашмяны», «Лейпалінгіс — Гародня», «Дыджаліс — Відзы».
«Дэмантаж апошніх ліній электраперадачы з Калінінградам і Беларуссю азначае заканчэнне гістарычнага этапу пераўтварэння інфраструктуры, які сімвалізуе наша поўнае далучэнне да электрычных сетак кантынентальнай Еўропы», — заявіў гендырэктар Litgrid Рокас Масюліс.
Нагадаем, 8 лютага 2025 года Літва, Латвія і Эстонія адключыліся ад электрычнага кальца БРЭЛЛ, якое злучала іх з энэргасістэмамі Беларусі і РФ, а на наступны дзень сінхранізаваліся з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E.