Трамп абвесціў, што сустрэнецца з Пуціным 15 жніўня на Алясцы
28- 9.08.2025, 8:29
- 20,274
Абраная вельмі сімвалічная тэрыторыя.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што сустрэнецца з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным на Алясцы 15 жніўня
Пра гэта Трамп напісаў у Truth Social.
«Доўгачаканая сустрэча паміж мной, як прэзідэнтам ЗША, і прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным адбудзецца ў наступную пятніцу, 15 жніўня 2025 года, у вялікім штаце Аляска», – напісаў Трамп.
Аднак, паводле ягоных словаў, далейшыя падрабязнасці сустрэчы пакуль не будуць раскрывацца.
Чаму Аляска
Пакуль невядома, чаму сустрэча Трампа і Пуціна адбудзецца менавіта на Алясцы.
Аднак варта нагадаць пра той гістарычны факт, што Аляска некалі належала Расейскай імперыі, якая пачала асвойваць гэтыя землі ў канцы XVIII стагоддзя. Асноўнай цікавасцю Расеі ў рэгіёне быў прыбытковы промысел марскіх коцікаў і выдраў. Аднак праз аддаленасць, складаныя ўмовы ўтрымання калоніі і памяншэнне прыбыткаў, імперыя пачала разглядаць продаж Аляскі як выгадны крок.
У 1867 годзе Расея прадала Аляску Злучаным Штатам за 7,2 мільёна даляраў у золаце, што ўважаецца за адну з самых выгадных угодаў у амерыканскай гісторыі.
Перадача тэрыторыі адбылася 18 кастрычніка таго ж года, калі над сталіцай калоніі быў спушчаны расейскі сцяг і ўзняты амерыканскі. Спачатку многія ў ЗША скептычна ставіліся да набыцця, называючы Аляску «пустыняй Сюарда» (у гонар дзяржаўнага сакратара Уільяма Сюарда, ініцыятара ўгоды). Аднак пасля знойдзеныя золата, нафта ды іншыя рэсурсы зрабілі край стратэгічна і эканамічна каштоўнай часткай ЗША.
На днях The New York Times са спасылкай на крыніцы паведаміла, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп мае намер сустрэцца з расейскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным на наступным тыдні.
Пасля гэта пацвердзілі ў Белым доме.