NYT: Адмова Зяленскага ў «абмене тэрыторыямі» можа выклікаць злосць Трампа
18- 9,376
Прапанова закранула многіх украінцаў за жывое.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі катэгарычна адпрэчыў прапанову прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, што мірнае пагадненне паміж Украінай і Расеяй магло б уключаць «абмен некаторымі тэрыторыямі».
Але прамая адмова Зяленскага рызыкуе выклікаць незадаволенасць у Трампа, які зрабіў заключэнне мірнай дамовы паміж Украінай і Расеяй адной з ключавых мэтаў сваёй знешняй палітыкі, нават калі гэта будзе азначаць прыняцце ўмоваў, неспрыяльных для Кіева, піша The New York Times.
Пытанне тэрыторый у кантэксце мірнага ўрэгулявання вайны ва Украіне
Раней Трамп крытыкаваў Украіну за тое, што яна, паводле ягоных словаў, чапляецца за празмерна жорсткія патрабаванні да спынення агню і «не гатовая да міру». Цяпер жа амерыканскі лідар заявіў, што «сёе-тое з тэрыторый трэба будзе памяняць месцамі і вярнуць».
«Будзе абмен тэрыторыямі на карысць абодвух бакоў», – падкрэсліў ён.
Пазіцыя Зяленскага, у сваю чаргу, адлюстроўвае шырока распаўсюджанае ва Украіне меркаванне пра недапушчальнасць здачы тэрыторый дзеля заканчэння вайны, піша СМІ. Паводле нядаўняга апытання Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі, крыху больш за палову ўкраінцаў думаюць, што «ні пры якіх абставінах» краіна не павінна саступаць зямлю, «нават калі гэта задоўжыць вайну і створыць пагрозу захаванню незалежнасці».
Аднак падтрымка тэрытарыяльных саступак вырасла пасля няўдалага контрнаступу Украіны ў 2023 годзе, які паказаў немагчымасць вярнуць значныя тэрыторыі. Цяпер блізу 38% насельніцтва мяркуюць, што такі крок дапушчальны – у параўнанні ўсяго з 10% два гады таму.
Тым не менш прапанова Трампа, якая не ўдакладняе, якія менавіта тэрыторыі маглі б быць абмененыя, закранула многіх украінцаў за жывое.