9 снежня 2025, aўторак, 3:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Падтрымка беларускага народа застаецца непахіснай»

10
«Падтрымка беларускага народа застаецца непахіснай»

Сусветныя лідары, арганізацыі і ўрады зрабілі заявы з нагоды пятай гадавіны пратэстаў у Беларусі.

Да пяцігоддзя пратэстаў у Беларусі шэраг міжнародных арганізацый і сусветных лідараў зрабілі заявы, у якіх падтрымліваюць дэмакратычныя перамены ў Беларусі і асуджаюць сістэматычныя парушэнні рэжымам правоў чалавека ў Беларусі, паведамляе «Радыё Свабода».

Кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі: рэпрэсіі ў Беларусі непрымальныя і павінны быць спыненыя

Неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, спыніць рэпрэсіі і пачаць інклюзіўны нацыянальны дыялог заклікала беларускія ўлады кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас з нагоды 9 жніўня.

«Беларусь таксама павінна спыніць падтрымку незаконнай вайны Расеі супраць Украіны», - падкрэсліла яна.

Калас заявіла аб салідарнасці з беларускім народам і паведаміла, што з 2020-га года ЕЗ выдзеліў 170 млн еўраў на падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ і ахвяраў рэпрэсій.

ЕЗ прадоўжыць падтрымліваць беларускі народ на яго шляху да дэмакратыі столькі, колькі спатрэбіцца, і ўводзіць санкцыі супраць тых, хто душыць дэмакратыю і парушае правы чалавека, падкрэсліла прадстаўніца ЕЗ.

Кіраўнік МЗС Літвы: Лукашэнка паступова прадаў беларускі суверэнітэт Расеі

Падзеі 9 жніўня 2020 года былі «манументальным грамадзянскім абуджэннем», якое ледзь не зрынула рэжым Лукашэнкі і нагадвае пра дэмакратычную Беларусь, якая змагаецца зараз пад таталітарным праўленнем, заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

З ягоных слоў, дзяржаўная прапаганда выстаўляе Лукашэнку геапалітычным «геніем». У рэальным свеце, мяркуе кіраўнік літоўскай дыпламатыі, Лукашэнка «паступова прадаў беларускі суверэнітэт Расеі, у тым ліку крытычна важную інфраструктуру і ўзброеныя сілы».

Сябра Хельсінскай камісіі ЗША, спецпрадстаўнік АБСЕ што да палітвязняў Стыў Коэн выступіў з заявай, у якой вітаў нядаўняе вызваленне групы палітвязняў і адзначыў, што іх агульная колькасць практычна не змянілася.

Коэн заклікаў Менск неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць выкарыстанне судовай сістэмы ў якасці інструмента рэпрэсій.

Кіраўнік МЗС Эстоніі: надзея на дэмакратычную Беларусь не страчаная

Міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна адзначыў, што за апошнія гады свет убачыў сапраўдны твар рэжыму Лукашэнкі, які працягвае падтрымліваць жорсткую, агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны, адначасова выкарыстоўваючы міграцыйны ціск на Еўропу ў якасці зброі.

У той жа час, на думку Цахкны, надзея на дэмакратычную Беларусь не страчаная, а падтрымка беларускіх дэмакратычных сіл Эстоніяй застаецца непахіснай. Беларусы павінны быць вызваленыя ад страху і рэпрэсій, а іх краіна павінна стаць часткай сям'і дэмакратычных еўрапейскіх нацый.

Партыя еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў у Еўрапарламенце падкрэсліла, што адважны народ Беларусі працягвае змагацца за лепшую будучыню, у якой дэмакратыя і правы чалавека заменяць дыктатуру і тэрор.

Грузінская дэпутатка Элене Хаштарыя адзначыла, што масавае супрацьстаянне рэжыму ўмацавала беларускую нацыянальную самасвядомасць - неабходную ўмову вызвалення Беларусі.

- Мы, грузіны і беларусы, з'яўляемся ахвярамі Расейскай імперыі і разам змагаемся за вызваленне ад яе прыгнёту, - заявіла яна.

Міністэрства замежных спраў Аўстрыі падкрэсліла, што пяць гадоў таму беларусам было адмоўлена ў дэмакратычным выбарчым праве, і таксама заклікала вызваліць палітвязняў.

Як зазначыла МЗС Латвіі, пяць гадоў таму беларускі народ «смела і выразна выказаў падтрымку дэмакратыі, свабодзе і незалежнасці». Грамадзяне «сутыкнуліся з рэпрэсіямі і непавагай да правоў чалавека, шмат хто быў асуджаны». «Латвія падтрымлівае народ Беларусі на шляху да дэмакратыі і патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх палітзняволеных», — гаворыцца ў заяве.

Старшыня Еўракамісіі: Калі надыдзе момант дэмакратычнага пераходу, Еўрапейскі Звяз будзе гатовы.

Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен напісала ў сацсетцы Х, што «пяць гадоў пасля сфальсіфікаваных «выбараў» у Беларусі наша падтрымка беларускага народа застаецца непахіснай».

«Мы не спынімся, пакуль кожны палітвязень не будзе вызвалены. Пакуль не будуць ажыццёўленыя дэмакратычныя памкненні беларускага народа», падкрэслівае старшыня Еўракамісіі.

З яе слоў, калі надыдзе момант дэмакратычнага пераходу, Еўрапейскі Звяз будзе гатовы.

«Мы застаёмся адданымі свайму абяцанню мабілізаваць пакет падтрымкі ў суме 3 мільярды еўраў для дэмакратычнай Беларусі. Сёння я выказваю ўсю сваю падтрымку і салідарнасць усім беларусам. Хутчэй бы надышоў дзень, калі вашыя надзеі на свабодную і дэмакратычную будучыню нарэшце здзейсняцца».

Еўрапарламент: узмацненне кантролю Расеі над Беларуссю ўяўляе сур'ёзную пагрозу для рэгіянальнай бяспекі

Дэлегацыя Еўрапейскага парламента выступіла з заявай, прымеркаванай да пяцігоддзя падзей у Беларусі.

У ёй адзначаецца, што 9 жніўня 2020 года беларускаму народу адмовілі ў праве на дэмакратычны выбар прэзідэнта, бо вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя, а наступныя пасля гэтага пяць гадоў адзначыліся ўзмацненнем залежнасці рэжыму Лукашэнкі ад Крамля, бязлітасным кантролем над усімі аспектамі грамадскага жыцця і ліквідацыяй дэмакратычных інстытутаў.

«Узмацненне кантролю Расеі над Беларуссю ўяўляе сур'ёзную пагрозу для рэгіянальнай бяспекі і суверэнітэту Беларусі. [... Гэта паглыбленне залежнасці значна аслабіла незалежнасць Беларусі, фактычна ператварыла яе ў дзяржаву-сатэліт Расейскай Федэрацыі. Мы рашуча выступаем супраць усякага вонкавага ўмяшання ў справы Беларусі і пацвярджаем, што будучыню Беларусі павінен вызначаць выключна яе народ», - адзначаецца ў заяве.

Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі Еўразвяз «падтрымліваць і ўзмацняць ціск на рэжым мэтанакіраванымі санкцыямі».

«Мы застаёмся нязменнымі ў сваёй прыхільнасці да дэмакратычнай і еўрапейскай будучыні для Беларусі. З гэтай мэтай мы будзем працягваць цесна супрацоўнічаць з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, грамадзянскай супольнасцю і міжнароднымі партнёрамі, каб падтрымаць мірны пераход, заснаваны на дэмакратыі, вяршэнстве закону і павазе правоў чалавека. Гэта ўключае ў сябе сталую палітычную, фінансавую і тэхнічную падтрымку незалежных СМІ, праваабаронцаў і дэмакратычных дзеячаў - як у выгнанні, так і тых, хто працуе пад пагрозай унутры краіны», - адзначаецца ў заяве.

Прэзідэнт Парламенцкай асамблеі NATO: мы ўшаноўваем незвычайную стойкасць беларускага народа

«Сёння мы ўшаноўваем незвычайную стойкасць і рашучасць беларускага народа і яго прадстаўнікоў у выгнанні, якія працягваюць рыхтавацца да дэмакратычных пераўтварэнняў, падтрымліваць Украіну ў яе барацьбе супраць агрэсіі Расеі і суўдзелу беларускага рэжыму, а таксама выступаць за будучыню сваёй краіны ў складзе еўрапейскай сям'і», - такую заяву зрабіў прэзідэнт Парламенцкай асамблеі NATO Маркас Перастрэла з нагоды пятай гадавіны «выбараў» 2020-га года ў Беларусі з нагоды пятай гадавіны «выбараў» 2020-га года ў Беларусі.

Перастрэла падкрэсліў, што пяць гадоў таму беларускі народ пратэставаў супраць фальсіфікацыі выбараў і сутыкнуўся з жорсткімі рэпрэсіямі, але гэтыя падзеі ініцыявалі і барацьбу за свабоду.

«Многія палітвязні па-ранейшаму знаходзяцца за кратамі і мы заклікаем да іх неадкладнага вызвалення, - адзначыў Перастрэла.

Нямеччына і Польшча заклікалі вызваліць усіх палітвязняў у Беларусі

- У Беларусі за кратамі па-ранейшаму знаходзяцца палітвязні - праз пяць гадоў пасля сфальсіфікаваных «выбараў». Яны былі жорстка пакараныя за тое, што выступалі ў падтрымку свабоды, дэмакратыі і правоў чалавека», - адзначаецца ў паведамленні МЗС Нямеччыны.

МЗС Польшчы, «кіруючыся ідэаламі свабоды і салідарнасці», «пацвярджае сваю падтрымку ўсіх грамадзян Беларусі, якія імкнуцца да аднаўлення вяршэнства права, дэмакратыі і павагі правоў чалавека на сваёй радзіме».

Варшава заклікала беларускія ўлады «вярнуцца да выканання абавязацельстваў, узятых у сувязі з чаленствам у ААН і АБСЕ, і вызваліць усіх вязняў сумлення, у тым ліку Анджэя Пачобута».

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках