«У Расеі нулявыя шанцы»
2- 9.08.2025, 20:54
- 7,590
Рэсурсы РФ паступова высільваюцца.
Расейскія войскі штодня праводзяць штурмы невялікімі групамі на Херсонскім кірунку. Напрыклад, яны спрабуюць захапіць выспы ў дэльце Дняпра.
Вораг ставіць за мэту пракрасціся на гэтыя выспы і замацавацца там, каб абстрэльваць пазіцыі Сіл абароны Украіны. Херсон і населеныя пункты ўздоўж правага берага Дняпра войска РФ трымае пад сталым агнём, але захапіць абласны цэнтр у супраціўніка няма ніякіх шанцаў. Такое меркаванне FREEДОМ выказаў украінскі ваенны эксперт Уладзіслаў Селязнёў.
Становішча бакоў на Херсонскім кірунку практычна не мяняецца. Працягваюцца разлютаваныя баі. Для ўдараў па ўкраінскіх пазіцыях вораг выкарыстоўвае авіябомбы, FPV-дроны і іншыя віды БПЛА.
- Дагэтуль адбываюцца дастаткова часта баявыя сутыкненні на левым беразе Дняпра, як бы гэта дзіўна не гучала, але супраціўнік дагэтуль не можа дабрацца да руін Антонаўскага чыгуначнага і Антонаўскага аўтамабільнага мастоў. Гэта значыць, украінскія Сілы абароны вядуць там адпаведныя абарончыя мерапрыемствы, і ў супраціўніка зараз час ад часу ўзнікае жаданне ўшчыльную наблізіцца да ўзбярэжжа Дняпра ў гэтай частцы яго плыні. Але не выходзіць так, як яму хацелася, - сказаў Селязнёў.
Ён адзначыў, што ў РФ няма рэсурсаў для стварэння ўдарнай групоўкі, якая магла б фарсаваць Дняпро з далейшай магчымасцю захапіць хаця б Карабельны раён Херсона.
- Відавочна, што шанцы ў супраціўніка на паспяховасць такой аперацыі нулявыя. Шырыня плыні Дняпра ў гэтай частцы складае амаль тысячу метраў, а гэта значыць, што нават на этапе падрыхтоўкі да фарсавання ўсе сілы ворага будуць знішчаны ўкраінскай авіяцыяй, артылерыяй і мінамётнымі разлікамі. Але вораг будзе спрабаваць шукаць слабыя месцы ў нашай абароне, у тым ліку за кошт правядзення на тактычным узроўні некаторых аперацый па фарсаванні Дняпра. Праціўнік увесь час так дзейнічае. Такая ж сітуацыя і на поўдні Запарожскай вобласці, - указаў спікер.
Войскі РФ спрабуюць прарваць украінскую абарону ля Каменскага ў Запарожскай вобласці. У той жа час на Арэхаўскім кірунку інтэнсіўнасць баявых дзеянняў вар'юецца.
- Супраціўнік спрабуе знайсці слабыя месцы ва ўкраінскай абароне, мы наносім удары, у тым ліку і ў рамках прэвентыўных дзеянняў для таго, каб знішчаць усе падрыхтоўкі ворага на гэтым адцінку фронту. Празрыстасць поля бою цяпер дасягае адлегласці да 20 кіламетраў. А гэта значыць, што мы бачым усе рухі расейскіх сілаў і сродкаў на такую глыбіню. Мы маем магчымасць дзейнічаць на апярэджанне, знішчаючы расейскія сілы і сродкі яшчэ на этапе фармавання штурмавых падраздзяленняў. Жнівень, верасень і першая палова кастрычніка, хутчэй за ўсё, будуць праходзіць пад знакам дастаткова актыўных дзеянняў расейскіх акупантаў, - акцэнтаваў ваенны эксперт.
Расейскія акупанты правалілі наступленне ва Украіне, але прадоўжаць ціснуць на Сілы абароны.
- Дыктатару Пуціну і яго асяроддзю абсалютна ўсё адно, якая колькасць расейскіх вайскоўцаў паляжа на палях баёў. Бо яму важна ў першую чаргу атрымаць пэўныя тэрытарыяльныя набыцці за кошт Украіны. Але расейскія рэсурсы, якімі б значнымі яны не былі, паступова высільваюцца. Я думаю, што бліжэй да сярэдзіны восені мы ўбачым пэўную стагнацыю, бо фізічна будзе знясіленае расейскае войска. Супраціўнік будзе літаральна патрабаваць аператыўнай паўзы для папаўнення сваіх сіл, сродкаў, рэсурсаў, - мяркуе Селязнёў.
Адзначым, што на фронце ва Украіне за мінулы дзень адбыліся 163 баявыя сутыкненні. Самымі цяжкімі застаюцца Пакроўскі, Ліманскі і Новаўпаўлаўскі накірункі ў Данецкай вобласці. На поўдні Украіны расейскія захопнікі актыўна штурмуюць Гуляйпольскі, Арэхаўскі і Прыдняпроўскі накірункі.