Найноўшы буксір расейскага флоту затануў у Санкт-Пецярбургу
26- 9.08.2025, 17:43
- 24,474
Напярэдадні заканчэння будаўніцтва.
Каля прычальнай сценкі Балтыйскага завода ў Санкт-Пецярбургу затануў буксір «Капітан Ушакоў», які належыць ПАТ «Яраслаўскі суднабудаўнічы завод». Пра гэта паведамляе Заходняя міжрэгіянальная следчая ўправа на транспарце СК Расеі. У выніку інцыдэнту, паводле звестак ведамства, ніхто не пацярпеў.
Паводле інфармацыі прэс-службы прадпрыемства, увечары 8 жніўня судна, якое дабудоўвалася і стаяла ля арандаванага Балтыйскім заводам прычала, пачало хіліцца на правы борт. Нягледзячы на спробы стабілізаваць сітуацыю, буксір у выніку лёг на грунт тым жа бортам. Як піша «Фонтанка», на месцы здарэння ўсю ноч працавалі гарадскія спецслужбы, дзяжурныя брыгады Балтыйскага завода і супрацоўнікі Яраслаўскага суднабудаўнічага завода.
«Усю ноч ішла барацьба за судна. Работнікі Балтыйскага завода дапамагалі калегам спыніць нахіл», - распавёў начальнік аддзела сувязяў з грамадскасцю Балтыйскага завода Аляксандр Лебедзяў.
Следчы камітэт распачаў праверку паводле ч.1 арт.216 КК РФ - «Парушэнне правіл бяспекі пры вядзенні будаўнічых і іншых работ». Цяпер следчыя таксама высвятляюць суму шкоды.
«Капітан Ушакоў» - сучасны буксір водазмяшчэннем амаль 3200 тон, даўжынёй прыкладна 70 метраў і шырынёй 15 метраў. Ён быў спушчаны на ваду ў Яраслаўлі ў 2022 годзе, пасля чаго яго дабудоўка і дааснашчэнне вяліся на Балтыйскім заводзе ў Пецярбургу, які ўваходзіць у склад Аб'яднанай суднабудаўнічай карпарацыі (АСК).


