«Будучыня Беларусі належыць яе народу»
9- 9.08.2025, 20:36
- 1,948
Еўрапарламент зрабіў заяву з нагоды пятай гадавіны беларускай рэвалюцыі.
Старшыня Камітэта замежных спраў Еўрапарламента (AFET) Дэвід Макалістэр і кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента ў сувязях з Беларуссю Малгажата Гасеўска, а таксама яе намеснікі — еўрадэпутаты Томас Тобе і Міхал Кабоска зрабілі заяву з нагоды пятай гадавіны беларускай рэвалюцыі «Салідарныя з народам Беларусі» (пераклад - сайт Charter97.org):
- 9 жніўня 2020-га года стала днём, калі народу Беларусі было адмоўлена ў праве на дэмакратычны выбар прэзідэнта: вынікі «выбараў» былі сфальсіфікаваныя. Гэта выклікала шырокае асуджэнне з боку міжнароднай супольнасці. Рэжым Лукашэнкі незаконна ўтрымаў уладу.
У наступныя пяць гадоў рэжым строга кантраляваў усе сферы грамадскага жыцця. Дэмакратычныя інстытуты былі расфармаваныя, незалежныя галасы заглушаныя, мірны пратэст абвешчаны злачынствам. Тысячы беларусаў апынуліся ў турмах, у выгнанні ці пад сталым прыгнётам палітычных рэпрэсій. Грамадзянскія арганізацыі, незалежныя СМІ і ўстановы культуры былі закрытыя або вымушаныя сысці ў падполле. Сёння Беларусь - адна з самых рэпрэсіўных краін у свеце.
Нядаўняе вызваленне некалькіх палітвязняў, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага, прынесла палягчэнне і надзею многім сем'ям. Але гэтыя адзінкавыя выпадкі нельга прымаць за прыкмету рэальных змен: машына рэпрэсій працягвае працаваць напоўніцу. Тысячы людзей застаюцца за кратамі паводле палітычна матываваных абвінавачанняў, многія — у зневажальных умовах, новыя арышты адбываюцца ўвесь час. Некаторыя памерлі ў турмах ад катаванняў. Улады па-ранейшаму жорстка падаўляюць свабоду слова, сходаў і аб'яднанняў. Людзі жывуць пад сталым наглядам, запалохваннем і ціскам; актывісты ў выгнанні зазнаюць арышты пры вяртанні на радзіму, а ўнутры краіны людзі пазбаўленыя асноўных правоў. Сваякоў некаторых з іх рэжым бярэ ў закладнікі, шантажуючы і сеючы страх.
Мы рашуча асуджаем сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, якія, як адзначана ў дакладах ААН, у тым ліку Управе Вярхоўнага камісара па правах чалавека, могуць кваліфікавацца як злачынствы супраць чалавечнасці. Катаванні, беспадстаўныя арышты, гвалтоўнае выгнанне, прыгнечанне грамадзянскай супольнасці, СМІ і апазіцыі - гэта грубыя парушэнні міжнароднага права і асноў дэмакратыі. Беспакаранасць недапушчальная.
Расце залежнасць Лукашэнкі ад Крамля - палітычная, эканамічная і вайсковая - пагражае бяспецы рэгіёну і суверэнітэту Беларусі, ператвараючы яе ў сатэліта Расеі. Мы катэгарычна супраць вонкавага ўмяшання і перакананыя, што будучыню Беларусі павінен вызначаць толькі яе народ.
Мы заклікаем ЕЗ захоўваць і ўзмацняць ціск на рэжым з дапамогай мэтавых санкцый і міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці, уключаючы дзеянні ў сувязі з суўдзелам Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны. Мы ўпэўнена выступаем за дэмакратычную і еўрапейскую будучыню краіны. Мы працягваем супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі, грамадзянскай супольнасцю і міжнароднымі партнёрамі для мірнага пераходу на аснове дэмакратыі, вяршэнства права і павагі да правоў чалавека. Гэта ўключае сталую палітычную, фінансавую і тэхнічную дапамогу незалежным СМІ, праваабаронцам і дэмакратычным актывістам - як у выгнанні, так і тым, хто працуе пад пагрозай унутры краіны.
Будучыня Беларусі належыць яе народу, а не аўтарытарнаму рэжыму і не замежнай дзяржаве. Мы і надалей будзем салідарныя з народам Беларусі ў іх барацьбе за свабодную, суверэнную і дэмакратычную краіну.
Жыве Беларусь!