Як абараніць вочы пры працы за камп'ютарам
7- 11.09.2025, 0:35
- 7,320
Лекар з Гомеля дала парады.
У эпоху лічбавых тэхналогій камп'ютар стаў неад'емнай часткай нашага жыцця і працы.
Аднак шматгадзіннае знаходжанне перад маніторам стварае сур'ёзную нагрузку на зрокавую сістэму. У прыватнасці, прыводзіць да сіндрому сухога вока, пачырванення, галаўнога болю і пагаршэння зроку.
Загадчыца аддзела грамадскага здароўя Гомельскага гарадскога ЦГЭ Анастасія Сцяпанькова парэкамендавала выконваць некалькі ключавых правілаў для мінімізацыі шкоды.
Па-першае, аптымізуйце асвятленне і налады экрана.
«Асноўны фактар — правільная арганізацыя рабочай прасторы. Трэба забяспечыць раўнамернае рассеянае асвятленне ў пакоі і катэгарычна пазбягаць блікаў на маніторы. Для гэтага варта размясціць экран так, каб на яго не падалі прамыя прамяні ад вокнаў або штучных крыніц святла», — перадае словы доктара выданне «Гомельскія ведамасці».
Па-другое, выконвайце рэжым працы і адпачынку. Для прафілактыкі ператамлення вачэй неабходна рабіць рэгулярныя паўзы. Ідэальная формула — 5–10 хвілін адпачынку пасля кожнай гадзіны працы. У гэты час рэкамендуецца выканаць кароткую гімнастыку для вачэй: інтэнсіўнае марганне, кручэнне вачыма па траекторыі васьмёркі або лёгкі самамасаж павекаў.
Таксама, на думку Анастасіі Сцяпаньковай, важна арганізаваць эрганамічнае працоўнае месца.
«Паклапаціцеся пра правільнае становішча цела. Манітор павінен знаходзіцца на ўзроўні або крыху ніжэй за лінію погляду, што прадухіліць перанапружанне вочных і шыйных цягліц. Не менш важны выбар мэблі — зручнае крэсла і стол правільнай вышыні знізяць нагрузку на пазваночнік», — адзначыла спецыялістка.
Акрамя таго, лекар раіць выкарыстоўваць сродкі абароны. Знізіць негатыўнае ўздзеянне сіняга святла ад экрана дапамогуць спецыяльныя камп'ютарныя акуляры або ахоўныя фільтры для манітора. Гэтыя аксесуары асабліва рэкамендаваныя тым, хто праводзіць перад экранам больш за 4–6 гадзін у дзень.
І, нарэшце, карэкцыя рацыёну харчавання. Падтрымаць здароўе вачэй можна знутры — у гэтым дапамогуць прадукты з высокім утрыманнем антыаксідантных вітамінаў A, C і E. Варта ўключыць у меню моркву, чарніцы, арэхі і тлустую рыбу.
Выкананне гэтых рэкамендацый дазволіць значна знізіць рызыкі для здароўя вачэй і захаваць востры зрок нават пры інтэнсіўнай лічбавай нагрузцы.