Фота: Палітвязень Дзмітрый Казлоў да і пасля вызвалення
9- 12.09.2025, 22:07
- 22,112
Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» быў затрыманы ў чэрвені 2020 года.
Учора на волю выйшаў Дзмітрый Казлоў — блогер ютуб-канала «Шэры кот». За час знаходжання ў лукашэнкаўскіх засценках актывіст «Еўрапейскай Беларусі» моцна схуднеў.
Дзмітрый Казлоў — блогер ютуб-канала «Шэры кот». Ён скончыў чатыры курсы Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці «аграном». Блогерствам зацікавіўся ў 2017 годзе, калі многія людзі выказвалі незадаволенасць «дармаедскім» дэкрэтам. Спачатку хацеў асвятляць розныя тэмы, але хутка яго захапіла палітыка.

Дзмітрый актыўна ўдзельнічаў у пратэстах супраць інтэграцыі з Расіяй напрыканцы 2019 года. За ўдзел у акцыях, стрымы і заклікі да ўдзелу ён стаў рэкардсменам па колькасці сутак адміністрацыйнага арышту — тады яго пакаралі 120 суткамі. Пазней яму прад'явілі абвінавачанне па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).
10 чэрвеня 2020 года Дзмітрый быў затрыманы разам з актывістамі «Еўрапейскай Беларусі». На наступны дзень яго асудзілі на 20 сутак арышту і ён мусіў выйсці 30 чэрвеня, але заставаўся за кратамі, бо стаў фігурантам крымінальнай справы па арт. 342 КК (арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).
25 мая 2021 года Магілёўскі абласны суд абвясціў прысуд Дзмітрыю і яшчэ шасцярым палітвязням. Суддзя Ірына Ланчава прызначыла яму 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Па падліках праваабаронцаў, ён мусіў выйсці 28 лістапада 2024 года.
Але 29 лістапада 2024 года ў Бабруйску разгледзелі новую крымінальную справу супраць Дзмітрыя Казлова. Напярэдадні, 28 лістапада, яго тэрмін зняволення заканчваўся, але з калоніі яго перавялі ў СІЗА № 5. Цяпер яго абвінавачвалі па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Суддзя Павал Карцінін прызначыў яшчэ адзін год і пяць дзён пазбаўлення волі.
У пачатку вясны 2025 года стала вядома, што Дзмітрыя перавялі ў выпраўленчую калонію № 20 у Мазыры.
У ліпені 2025 года ютуб-каналы Дзмітрыя «Шэры кот» і «Шэры кот стрымы» прызналі экстрэмісцкімі.