Элтан Джон на футбольным матчы ў Мінску: адкрыліся новыя падрабязнасці візіту суперзоркі
2- 12.09.2025, 22:30
- 8,988
Што рабіў брытанскі спявак у сталіцы БССР напрыканцы 70-х?
Уявіце: сярэдзіна 1970-х, Мінск, трыбуны стадыёна «Дынама» і… на іх малады доўгавалосы Элтан Джон у кепцы, які спакойна есць марожанае.
Сёння гэта здаецца неверагодным, але менавіта так апісвае падзею былы гулец мінскага «Дынама» Уладзімір Курнеў.
Падрабязнасцямі прыезду вялікага спявака экс-футбаліст падзяліўся ў інтэрв’ю «Прэсболу».
Паводле яго слоў, тады хадзілі чуткі, што будучая сусветная зорка, ужо ўладальнік англійскага клуба «Уотфард», праяўляў цікавасць да футбалістаў каманды.
Курнеў адзначае, што склад таго часу і сапраўды быў вельмі здольным.

«Шмат хто з хлопцаў мог бы сябе праявіць у Еўропе», — кажа ён.
Яркім пацвярджэннем таму стаў таварыскі матч 1975 года ў Англіі супраць «Нотынгем Форэст».
Мінчукі згулялі 4:4 у асноўны час і перамаглі ў серыі пенальці, прадэманстраваўшы сілу і характар каманды.
Чуткі пра магчымую зацікаўленасць з боку Джона працягваліся і падчас збораў «Дынама» ў Германіі, але далей размоў справа не пайшла.
«Тады гэта здавалася нерэальным, на ўзроўні фантазій», — узгадвае Курнеў.