Forbes: Украіна заганяе РФ у перадрэвалюцыйную сітуацыю 1917 года
15- 13.09.2025, 11:24
- 17,046
Гісторыя паўтараецца.
Кампанія ўкраінскіх удараў па расійскай нафтагазавай інфраструктуры не толькі пазбаўляе Расію галоўнай крыніцы фінансавання сваёй агрэсіі, але таксама расхіствае сацыяльна-палітычную сітуацыю ў расійскім тыле.
Гэта нагадвае тое, як расійскае грамадства дэстабілізавалася напярэдадні Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, піша Forbes.
Выданне адзначае, што Украіна спрабавала біць па гэтым уразлівым месцы агрэсара яшчэ напрыканцы 2023 года. Але тады адміністрацыя Байдэна, баючыся росту сусветных цэн на нафту, фактычна наклала вета на гэтую стратэгію Кіева.
Улетку 2025 года Украіна пачала новую кампанію удараў па расійскіх НПЗ і нафтаправодах. На гэты раз, калі Вашынгтон ужо не выступае супраць такіх удараў, кампанія прынесла значныя вынікі: паводле розных звестак, РФ страціла ад 17% да 20% сваёй нафтаперапрацоўкі.
Гэта выклікала значны дэфіцыт паліва і рост яго цэн на ўнутраным рынку Расіі, узмацняючы сацыяльны ціск на Крэмль, паколькі шараговыя расіяне ўсё больш адчуваюць наступствы вайны.
«Удары ўкраінскіх дронаў па нафтаперапрацоўчых заводах дасягаюць таго, чаго не змаглі адны толькі санкцыі. Масква знайшла спосабы адаптавацца да заходніх санкцый, але пакуль у яе няма надзейнай абароны ад украінскіх дронаў», — растлумачыў былы дарадца Міністэрства абароны Украіны Сяргей Кузан.
Аўтары матэрыялу адзначылі, што расійская прапаганда не можа ігнараваць чэргі на АЗС у многіх рэгіёнах Расіі, але спрабуе тлумачыць гэта наступствамі павышэння сезоннага попыту на паліва і пазапланавымі рамонтамі НПЗ. Толькі часам прызнаючы, што прычынамі гэтых пазапланавых рамонтаў з’яўляюцца разбуральныя «абломкі дронаў», якія свабодна лятаюць над еўрапейскай часткай Расіі.
І ўсё гэта адбываецца на тле паступовага пагаршэння агульнай эканамічнай сітуацыі ў Расіі. Хоць самі па сабе гэтыя атакі на НПЗ не скончаць вайну, але яны фарміруюць яе траекторыю.
«Пуцін часта пазіцыянуе сябе як спадкаемца цароў, які аднаўляе імперыю. Але яму варта ўспомніць цара Мікалая II падчас Першай сусветнай вайны, калі занадта расцягнутыя фронты і ўнутраны дэфіцыт зрабілі беспарадкі ў краіне такімі ж небяспечнымі, як і вораг за мяжой», — адзначылі аўтары артыкула.