Абвешчаныя пераможцы тэлевізійнай прэміі Emmy
- 15.09.2025, 8:58
- 4,372
У лідарах па ўзнагародах — брытанскі міні-серыял.
На цырымоніі ўручэння прэмій Emmy за найлепшыя англамоўныя тэлевізійныя працы сёлета найбольш узнагарод — шэсць — сабраў брытанскі міні-серыял Adolescence, а яго акцёр Оўэн Купер стаў наймаладзейшым у гісторыі ўладальнікам прэміі Emmy, паведамляе BBC.
Adolescence («Пераходны ўзрост») выйшаў у сакавіку гэтага года на Netflix. Гэта чатырохсерыйная псіхалагічная драма пра забойства ў школе, знятая брытанцамі на чале з рэжысёрам Філіпам Баранціні.
15-гадовы Оўэн Купер атрымаў прэмію як найлепшы акцёр другога плана ў міні-серыяле. Прэмію за найлепшае выкананне галоўнай ролі ў міні-серыяле прысудзілі Стывену Грэму за ролю ў тым жа Adolescence.
Найлепшым поўнафарматным серыялам на штогадовай цырымоніі ў Лос-Анджэлесе прызналі амерыканскі «медыцынскі» серыял The Pitt пра работнікаў бальніцы ў Пітсбургу, а заняты ў ім Ноа Ўайл стаў найлепшым выканаўцам галоўнай мужчынскай ролі.
Другі сезон The Pitt выйшаў на HBO Max.
Найлепшым камедыйным серыялам прызналі The Studio («Кінастудыя»), зроблены канадскім камікам Сэтам Рогенам з паплечнікамі, і дадаткова да гэтага Роген атрымаў Emmy і як найлепшы выканаўца галоўнай мужчынскай ролі ў камедыі.
«Кінастудыя» выйшла ў сакавіку на Apple TV+.
Найлепшай актрысай — выканаўцай галоўнай ролі — сёлета стала амерыканка Брыт Лоўэр, якая грае ў фантастычным серыяле «Severance» («Раздзяленне»).