Politico: Трамп можа спыніць імпарт расійскай нафты ў ЕС адным званком
5- 16.09.2025, 10:46
- 4,766
Гэта яго «сябры».
Кіраўнік Белага дома Дональд Трамп можа спыніць імпарт расійскіх энергарэсурсаў у ЕС, патэлефанаваўшы прэм'ер-міністрам Славакіі і Венгрыі — Роберту Фіцо і Віктару Орбану.
Пра гэта паведамляе Politico са спасылкай на ананімнага дыпламата ЕС.
«Калі Трамп хоча, каб краіны ЕС перасталі купляць расійскую нафту, усё, што яму трэба зрабіць, — узяць трубку і патэлефанаваць Роберту Фіцо са Славакіі і Віктару Орбану з Венгрыі», — прыводзіць выданне словы дыпламата ЕС.
Прадстаўнік ЕС адзначыў, што Фіцо і Орбан знаходзяцца ў сяброўскіх адносінах з прэзідэнтам ЗША.
«Гэта яго сябры, ён можа проста патэлефанаваць ім», — сказаў ён.
Таксама Politico адзначае, што патрабаванні Трампа адносна кардынальнага змянення палітыкі Турцыі, якая імпартуе 57% расійскай нафты, проста нерэальныя.
ЕС не адмовіцца ад расійскай нафты і газу да 2027 года
Выданне таксама паведамляе са спасылкай на двух ананімных дыпламатаў ЕС, што блок наўрад ці зможа адмовіцца ад расійскіх энергарэсурсаў раней за 2027 год, на чым настойвае Вашынгтон.
Таксама, як сцвярджаюць крыніцы, ЕС не ўзаконіць забарону на імпарт нафты з Расіі.
Аднак Politico нагадвае, што Трамп мінулых выходных умяшаўся ў сітуацыю, загадаўшы саюзнікам па НАТА спыніць імпарт нафты з Расіі.
Гэта заява прагучала пасля таго, як яго прадстаўнік Крыс Райт заклікаў ЕС паскорыць тэрміны адмовы ад расійскіх энергарэсурсаў.
Ціск Трампа на ЕС можа быць звязаны з намерам пераарыентаваць рынак
Выданне дапускае схаваны матыў у дзеяннях Трампа, скіраваных на як мага хутчэйшае спыненне імпарту нафты з Расіі ў ЕС.
«Гэта таксама выглядае як хітры крок, каб прымусіць краіны ЕС купляць больш амерыканскай нафты і газу ў той час, калі з наступнага года на сусветныя рынкі выльецца новая хваля СПГ (газу), а амерыканская прамысловасць звальняе тысячы работнікаў з-за падзення цэн на нафту», — адзначаюць у Politico.