Дрон над польскімі ўрадавымі будынкамі запускалі ўкраінец і беларуска
16- 16.09.2025, 11:38
- 18,994
Новая інфармацыя ад уладаў Польшчы.
Дрон у беспалётнай зоне ўрадавага квартала Бельведэр у Варшаве 15 верасня запускалі 21-гадовы грамадзянін Украіны і 17-гадовая грамадзянка Беларусі. Яны былі выяўленыя польскай Службай аховы дзяржавы (SOP), затрыманыя і перададзеныя паліцыі.
Асобы, якія кіравалі дронам, былі дапытаныя ў ноч з панядзелка на аўторак. Дрон быў нейтралізаваны. «Служба аховы праявіла сябе вельмі добра», — ацаніў намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Душчык, паведамляе TVN.
«Дрон лятаў над тэрыторыямі, над якімі ён не павінен быў знаходзіцца. Яго збілі. Таксама былі затрыманыя асобы, якія кіравалі гэтым дронам. (…) Гэтыя людзі былі дапытаныя ўначы. Паглядзім, якімі будуць вынікі гэтых працэдур», — сказаў Душчык. «Для мяне вельмі добрая навіна ў тым, што ўсё спрацавала вельмі хутка: з'явіўся дрон, і на працягу літаральна вельмі кароткага часу ён быў нейтралізаваны, а людзі затрыманыя. Дзяржава зноў спрацавала», — дадаў ён.
Ён падкрэсліў, што ў Бельведэры і яго бліжэйшых наваколлях пражываюць і знаходзяцца найважнейшыя асобы дзяржавы, таму гэтае месца павінна знаходзіцца пад асаблівым наглядам.