Журналіста Ігара Ільяша прысудзілі да чатырох гадоў турмы
1- 16.09.2025, 13:16
- 4,464
Сваю віну ён не прызнаў.
Журналіста Ігара Ільяша прысудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі за каментары і інтэрвію незалежным беларускім і замежным СМІ. Менавіта такі тэрмін для яго патрабаваў пракурор, паведамляе «Радыё Свабода».
Ільяша затрымалі ў кастрычніку 2024 года і абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт. 369−1 КК) і «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 2 арт. 361−4 КК). Па гэтых артыкулах яму пагражала да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Працэс над журналістам пачаўся 21 лютага 2025 года ў Мінскім гарадскім судзе, але ўжо ў сакавіку быў прыпынены для правядзення псіхалінгвістычнай экспертызы. Суд адхіліў клопатанне абароны аб правядзенні экспертызы ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз і прызначыў экспертам прафесара БДУ Сяргея Лябядзінскага, вядомага сваёй дзейнасцю ў арганізацыях, якія прасоўваюць ідэі «рускага свету».
Працэс аднавілі 4 верасня. Прысутным агучылі высновы эксперта. У прыватнасці, Лябядзінскі заявіў, што журналіст не павінен ужываць тэрмін «палітвязні», бо яго няма ў беларускім заканадаўстве, а замест слова «дыктатура» прапаноўваў выкарыстоўваць больш «нейтральныя» фармулёўкі.
Сам Ільяш у апошнім слове адхіліў абвінавачанні і не прызнаў сваёй віны.
Ігар Ільяш — журналіст і муж журналісткі Кацярыны Бахвалавай (Андрэевай), якая знаходзіцца ў калоніі.