Атакі дронаў могуць прымусіць Расію скараціць здабычу нафты
- 16.09.2025, 16:51
- 2,902
Сховішчы перапоўненыя, а інфраструктура палае ад удараў ЗСУ.
Расія, на долю якой прыпадае каля 9% сусветнай здабычы нафты, можа быць вымушаная скараціць здабычу нафты пасля атак украінскіх беспілотнікаў на ключавыя аб’екты нафтавай інфраструктуры, паведамляе Reuters са спасылкай на тры крыніцы ў галіне.
Паводле аднаго з іх, такі сцэнар становіцца рэальным пасля таго, як дроны ў апошнія тыдні паразілі балтыйскія парты Усць-Луга і Прыморск, а таксама яшчэ некалькі буйных нафтаперапрацоўчых заводаў — «Кінеф» у Ленінградскай вобласці, Рыазанскі і Саратаўскі НПЗ «Раснафты».
Дзве іншыя крыніцы Reuters распавялі, што «Транснафта» ўжо спыніла прыём нафты ад кампаній-вытворцаў на захоўванне ў сваёй сістэме. Яна таксама папярэдзіла, што можа ўвесці абмежаванні на прыём сыравіны з радовішчаў, калі атакі на інфраструктуру працягнуцца.
На мінулым тыдні ў выніку атакі ўкраінскіх беспілотнікаў упершыню ад пачатку вайны быў пашкоджаны буйны балтыйскі порт Прыморск. Ягоная магутнасць — каля 1 млн барэляў у суткі, што складае больш за 10% ад агульнага аб’ёму здабычы нафты ў Расіі.
Паводле галіновых крыніц, у выніку атакі пацярпелі два нафтавыя танкеры Kusto і Cai Yun. У суботу Прыморск толькі часткова аднавіў працу пасля збояў.
Магчымасці расійскага экспарту нафты і без таго былі абмежаваныя, паколькі яшчэ адзін балтыйскі порт РФ — Усць-Луга — дагэтуль не цалкам аднавіў свае магутнасці пасля атакі дронаў на нафтаправод, што вядзе да яго, у жніўні. Паводле галіновых крыніц, у гэтым месяцы порт загружаны напалову. Пры гэтым, у адрозненне ад Саудаўскай Аравіі, у Расіі няма значных магутнасцяў для захоўвання нафты.
У межах пагаднення АПЕК+, якое кантралюе каля 40% сусветнай здабычы нафты, квота на здабычу для Расіі ў верасні павялічыцца да 9,449 млн барэляў у суткі з 9,344 млн барэляў у суткі ў жніўні без уліку плана кампенсацый.
Аналітыкі амерыканскіх банкаў JP Morgan і Goldman Sachs лічаць, што замест нарошчвання здабычы Расія будзе вымушаная яе скараціць.
«Здольнасць Расіі нарошчваць здабычу нафты цяпер пад пагрозай з-за абмежаваных магутнасцяў для захоўвання», — тлумачыць JP Morgan.
«Расійскія нафтавыя кампаніі маюць сховішчы на радовішчах і НПЗ аб’ёмам каля 96,8 мільёна барэляў, але іх вольныя магутнасці абмежаваныя, паколькі большая частка выкарыстоўваецца ў паўсядзённай дзейнасці», — пішуць аналітыкі банкаў.
«Перабоі ў працы НПЗ таксама могуць негатыўна адбіцца на здабычы нафты з-за запоўненасці сховішчаў на фоне зніжэння загрузкі заводаў, пры тым што магутнасці для захоўвання і экспарту сырой нафты абмежаваныя», — пагаджаюцца аналітыкі Goldman Sachs. Аднак, на іх думку, у выніку гэтых складанасцяў Расія можа скараціць здабычу нафты нязначна, бо азіяцкія пакупнікі і далей сігналізуюць пра гатоўнасць імпартаваць расійскую нафту.