«А потым быў шок»
3- 16.09.2025, 17:11
- 12,732
Беларусы расказалі, што адбываецца на мяжы з ЕС.
Ужо пяты дзень польская мяжа на замку. Ачакалася, што гэта прывядзе да перагрузкі літоўскіх і латвійскіх пунктаў пропуску, бо ўсе, каму трэба ў Польшчу або з яе ў Беларусь, паедуць праз Літву і Латвію. Паглядзелі, што цяпер адбываецца на памежных пераходах у абодвух кірунках, а таксама на беларускім баку, піша «Белсат».
На літоўскім баку мяжы ў пунктах пропуску Мядзінінкай і Шальчынінкай чэргі ёсць, але не крытычныя. Судзячы з таго, што пішуць у памежных чатах, сітуацыя ў цэлым спакойная.
Адзін з удзельнікаў чата распавёў пра 70 аўтамабіляў у пункце Шальчынінкай на раніцу 16 верасня. Іншы піша пра 41 аўтамабіль, але ўжо крыху пазней па часе.
Хтосьці піша пра вельмі марудную працу памежнікаў:
«Думкі пра чаргу ў бок РБ. Учора (15 верасня) прыкладна а 17:00 сталі перад шлагбаумам пад нумарам 30. І толькі праз 6 гадзін аформіўся ў літоўцаў. А потым быў шок: пустая нейтралка і цалкам пустая мяжа ў беларусаў: памежнікі бяздзейнічалі ўсёй зменай, дзяўчаты-мытніцы размаўлялі адна з адной, хтосьці хадзіў з кавай. І гэта чалавек 15 персаналу. У літоўцаў адна дзяўчына на мытні і адна на пашпартным. На ўсе палосы і аўтобусную».
Ёсць паведамленні, што 15 верасня перасячэнне абодвух пунктаў пропуску — літоўскага і беларускага — заняло восем гадзін.
Беларускі Памежны камітэт сцвярджае, што перад літоўскімі пунктамі пропуску сабраліся 830 грузавых аўтамабіляў і 50 легкавых, а за апошнія суткі — 15–16 верасня — памежнікі Літвы прапусцілі ў Беларусь 17% ад нормы прапуску грузавікоў і 50% ад нормы прапуску легкавых аўтамабіляў.
На беларускім баку чэргі таксама невялікія.
«Учора ўвечары стаялі ў зоне чакання, мы былі 76-я, стаялі 7 гадзін і за тры гадзіны потым прайшлі ўсе кантролі, спакойна і без лішніх пытанняў. Шмат машын з беларускай рэгістрацыяй і туды, і назад», — падзяліўся досведам праходжання мяжы на раніцу 15 верасня на пераходзе Беняконі — Шальчынінкай беларус.
На латвійскім баку таксама сітуацыя некрытычная. Па меншай меры, у чатах усё спакойна.
Тым часам Беларускі Памежны камітэт піша, што праз латвійскі пункт пропуску «Патэрніекі» за 24 гадзіны было прынята каля 50% грузавікоў, а ў чарзе на ўезд у Латвію іх цяпер 190. Таксама ў чарзе тры аўтобусы.
У «Каменным Логу» паводле стану на 12:00 16 верасня на выезд з Беларусі чакаюць 40 легкавых аўтамабіляў і 410 фур. Чаргаў з аўтобусаў няма. У «Беняконях» — 40 легкавых аўтамабіляў і 440 грузавых. Аўтобуснай чаргі таксама няма.
12 верасня была цалкам закрытая мяжа з Польшчай, уключна з адзіным памежным пераходам, праз які праходзіў пасажырапаток, — Цярэспаль. Польшча патлумачыла, што зачыняе мяжу ў сувязі з вучэннямі «Захад-2025», якія праходзяць у Беларусі з 12 па 16 верасня. Аднак завяршэнне вучэнняў не гарантуе адкрыцця мяжы — гэта адбудзецца тады, калі Польшча будзе ўпэўненая ў сваёй бяспецы.
Літва, чакаючы наплыву беларусаў, якія будуць ехаць з Польшчы і ў Польшчу, дазволіла перасякаць сваю мяжу ў абодва бакі на аўтамабілях з беларускімі нумарамі — раней гэта было забаронена.