У Казахстане ўзмацнілі пакаранне за выкраданне нявест
3- 16.09.2025, 18:54
- 4,154
Раней той, хто выкраў, мог пазбегнуць пакарання, калі добраахвотна адпусціў сваю ахвяру.
У Казахстане ўзмацнілі адказнасць за прымус да шлюбу і выкраданне нявесты, паведамілі ў МУС краіны.
Так, раней той, хто выкраў, мог пазбегнуць пакарання, калі добраахвотна адпусціў сваю ахвяру. Цяпер такую агаворку выключылі, вінаватую асобу будуць прыцягваць да крымінальнай адказнасці незалежна ад таго, ці вызваліў чалавек дзяўчыну, ці не.
«Цяпер такая магчымасць выключана: нават пры добраахвотным вызваленні пацярпелага вінаватая асоба будзе прыцягнутая да адказнасці», — адзначаецца ў публікацыі.
Акрамя гэтага, у Казахстане ўвялі артыкул аб прымусе да шлюбу — арт. 125-1 Крымінальнага кодэкса. Пры абцяжваючых абставінах максімальнае пакаранне па ім можа дасягаць дзесяці гадоў пазбаўлення волі.
«Калі такое дзеянне (прымус да шлюбу) па неасцярожнасці пацягне цяжкія наступствы, прадугледжваецца пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад пяці да дзесяці гадоў. А калі прымус здзяйсняецца з ужываннем гвалту, у дачыненні да непаўналетніх, з выкарыстаннем залежнасці, групай асоб або з выкарыстаннем службовага становішча, то прадугледжваецца яшчэ больш строгае пакаранне», — удакладнілі праваахоўныя органы.