У Гомелі прадаюць піваварню з 30-гадовай гісторыяй
1- 16.09.2025, 21:34
- 3,748
Колькі каштуе бізнес.
На адной з гандлёвых пляцовак з’явілася аб’ява аб продажы піваварні ў Гомелі з 30-гадовай гісторыяй.
Ідзе гаворка пра прадпрыемства, якое варыць напой пад брэндам Becker.
У апісанні аб’явы, размешчанай каля месяца таму, пазначана, што абсталяванне на прадпрыемстве нямецкай вытворчасці. Працэс варкі аўтаматызаваны: усё кіруецца праграмным забеспячэннем.
Фабрыка аснашчана наступным: тут ёсць драбілка, варны цэх, кампрэсарная, мернік, два цыліндра-канічныя танкі (ЦКТ) галоўнага браджэння, тры ЦКТ даброджвання, камплект кегаў, інвентар для гандлёвых кропак.
Адзначаецца, што ўсё ў працоўным стане:

«Піваварню праектавалі, усталёўвалі і запускалі спецыялісты з Германіі. Нямецкі півавар асабіста навучаў нашага варшчыка, які і сёння застаецца ля стырна вытворчасці».
Піваварня вырабляе 9000 літраў піва ў месяц. На прадпрыемстве, як гаворыцца ў аб’яве, працуюць «надзейныя і адданыя людзі», якія гатовыя працягваць працу з новым уладальнікам.
Кошт пытання — Br2,036 млн.

Дарэчы, на пляцоўцы ёсць і іншыя аб’явы пра продаж гатовага бізнесу. Сярод іншага — вытворчасць драўляных пазлаў у Мінску, дрэваапрацоўчае прадпрыемства ў Докшыцах або вытворчая база ў Дзяржынску.
