Штотыднёвы экспарт нафты з Расіі абрынуўся амаль на чвэрць
1- 17.09.2025, 18:15
- 2,996
З-за удараў дронаў па балтыйскіх партах.
Сярэднясутачны марскі экспарт сырой нафты з Расіі на мінулым тыдні скараціўся на 934 000 барэляў, да 3,18 млн, або на 22,7%. На столькі ж скараціліся даходы ад яе продажу, у выніку чаго Расія не далічылася амаль $400 млн.
Падзенне аб’ёмаў аказалася найбольшым з ліпеня 2024 года, сведчаць даныя аб руху суднаў, сабраныя (Bloomberg https://www.bloomberg.com/news/articles/2025-09-17/russia-s-crude-exports-lose-momentum-after-balti… Яно стала вынікам удараў украінскіх дронаў па нафтавай інфраструктуры на Балтыцы. Так, вываз нафты з порта Усць-Луга, дзе беспілотнікі атакавалі тры насосныя станцыі, што абслугоўваюць тэрмінал, склаў палову ад аб’ёмаў тыднем раней. А экспарт з Прыморска, дзе былі пашкоджаны два танкеры, на пэўны час быў прыпынены.
Скарачэнне экспартных паставак адбылося нягледзячы на тое, што абстрэлы нафтаперапрацоўчых заводаў прывялі да зніжэння выпуску паліва, вызваліўшы дадатковыя аб’ёмы сырой нафты для вывазу з краіны. Але ўдары дронаў па партовай і транспартнай інфраструктуры скарацілі экспартныя плыні, а таксама прымусілі «Транснефть» абмежаваць аб’ёмы нафты ў сховішчах і папярэдзіць вытворцаў, што ім давядзецца знізіць здабычу ў выпадку пагаршэння сітуацыі, піша Bloomberg.
«Транснефть» абвергла інфармацыю пра накіраванне такога папярэджання.
За тыдзень па 14 верасня ў расійскіх партах было загружана 29 танкераў, тады як тыднем раней — 38.
Кошт нафты Brent мінулага тыдня вагаўся каля $67 за барэль, але расійская Urals з балтыйскіх партоў адгружалася ў сярэднім па $54,03, а з чарнаморскіх — па $54,19 за барэль, паводле даных Bloomberg.
У выніку сукупны кошт штотыднёвага экспарту скараціўся да $1,28 млрд — прыкладна на $372 млн (22%), што стала самым вялікім падзеннем з лістапада мінулага года.