Санкцыі супраць РФ: Еўропа цісне на Трампа
6- 18.09.2025, 8:50
- 3,964
Але атрымлівае сустрэчныя патрабаванні.
Еўрапейскія ўрады заклікалі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ўзмацніць санкцыі супраць Расіі, аднак ён адказаў сустрэчнымі патрабаваннямі — спыніць закупкі расійскай нафты і ўвесці мытныя пошліны супраць Індыі і Кітая.
Пра гэта піша The Wall Street Journal.
Як паведамлялася, ЕС адклаў новы пакет санкцый супраць Расіі, каб знайсці спосаб зрабіць яго больш жорсткім.
Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен заявіла, што будучыя абмежаванні закрануць банкаўскі сектар РФ, крыпта-рынак і энергетыку.
Добра інфармаваныя крыніцы паведамляюць, што Трамп заклікаў еўрапейцаў выкарыстаць замарожаныя ў Бельгіі расійскія актывы, якія захоўваюцца там з пачатку поўнамаштабнай вайны. Адміністрацыя ЗША публічна падтрымала гэтую ідэю, аднак для ЕС яна доўгі час заставалася непрымальнай з-за боязі страціць статус надзейнага фінансавага цэнтра.
Выклікі з боку Вашынгтона чарговы раз падсвяцілі праблемы Еўрасаюза пры выпрацоўцы адзінай стратэгіі супраць Крамля. Папярэднія санкцыйныя пакеты не дасягнулі жаданага эфекту, пастаўкі амерыканскай зброі буксуюць, а энергетычная залежнасць часткі краін ад РФ да гэтага часу захоўваецца.
Некаторыя дыпламаты лічаць, што Трамп вылучыў загадзя нерэалістычныя патрабаванні, каб пазбегнуць дадатковага ціску на Расію.
Выканаць заклікі Трампа — цалкам спыніць куплю расійскай нафты, а таксама ўвесці жорсткія санкцыі супраць Кітая і Індыі — для Еўропы надзвычай складана.
Старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен пацвердзіла намер ЕС цалкам адмовіцца ад імпарту расійскай нафты і газу да 2027 года. У той жа час спробы паскорыць гэты працэс могуць наткнуцца на супраціў Венгрыі і Славакіі, якія застаюцца залежнымі ад расійскіх энерганосьбітаў. Затое блізкія адносіны прэм’ера Венгрыі Віктара Орбана з Дональдам Трампам могуць узмацніць гатоўнасць Будапешта да кампрамісаў.
ЕС таксама адмовіўся ад ідэі тарыфаў супраць Індыі і Кітая, аддаўшы перавагу санкцыям супраць кампаній і пасярэднікаў, якія абыходзяць абмежаванні. У новы пакет увойдуць кітайскія фірмы, тады як дадатковыя меры супраць індыйскіх прадпрыемстваў не плануюцца, бо Брусель працягвае перамовы аб пагадненні аб свабодным гандлі з Нью-Дэлі.
Еўрапейскія лідары ўжо даўно заклікаюць Трампа ўжыць больш жорсткія санкцыі супраць Расіі і яе прыхільнікаў, у той час як іх уласныя краіны працягваюць купляць расійскія энерганосьбіты і дазваляюць асобным банкам РФ мець доступ да сістэмы SWIFT - глабальнай сеткі фінансавых транзакцый з цэнтрам у Бельгіі. ЕС таксама пазбягае так званых другасных санкцый супраць дзяржаў, якія фінансуюць ваенныя намаганні Масквы.
ЕС увёў шэраг фінансавых, энергетычных і эканамічных абмежаванняў і істотна скараціў імпарт расійскага газу. У той жа час іх выкананне застаецца слабым. Сам Трамп дагэтуль не ўвасобіў у жыццё ўласныя даўнія пагрозы адносна новых карных мер супраць Расіі, хоць часам і ўзмацняў рыторыку пасля асабліва крывавых атак Масквы супраць украінскіх грамадзянскіх. Ён, праўда, увёў пошліну ў 50% на індыйскія тавары як пакаранне за закупкі велізарных аб’ёмаў расійскай нафты.
Сталіцы ЕС працягваюць купляць энерганосьбіты як наўпрост, так і ўскосна - на суму каля 27 мільярдаў долараў у 2024 годзе. Летась іх імпарт расійскага звадкаванага газу рэзка вырас. Яны не гатовыя правакаваць гандлёвую вайну з Кітаем, які застаецца крытычна важным экспартным рынкам.
Пакуль ЕС спрабуе ўзгадніць санкцыйны адказ, ён таксама разглядае варыянт выкарыстання часткі з 300 мільярдаў долараў замарожаных актываў расійскага Цэнтрабанка. Да гэтага часу еўрапейскія ўрады накіроўвалі толькі працэнты ад гэтых дэпазітаў на фінансаванне абароны Украіны. Але з ростам кошту вайны падыходы змяняюцца.
Асноўную частку гэтых сродкаў складаюць еўрапейскія, амерыканскія і брытанскія дзяржаўныя аблігацыі, што захоўваюцца ў сістэме Euroclear - еўрапейскім дэпазітарыі каштоўных папер у Бельгіі. Цяпер Брусель разглядае магчымасць разблакаваць частку грошай ужо з наступнага года.
Па адным з варыянтаў, Еўропа фактычна пазычыць гэтыя сродкі Украіне, бяручы на сябе абавязацельствы кампенсаваць любыя страты Euroclear. Калі Расія пасля заканчэння вайны не выплатзіць Украіне рэпарацыі, ЕС проста захавае дзеянне санкцый, каб пазбегнуць выбару паміж канфіскацыяй актываў або ўласнымі выплатамі Euroclear. Санкцыі забараняюць Euroclear вяртаць актывы Расіі.
«Гэты фонд фактычна стане свабоднай і бязлімітнай падпіскай на ўзбраенне», — сказаў адзін з чыноўнікаў, задзейнічаных у перамовах. Расія ўжо папярэдзіла, што адкажа на канфіскацыю актываў, у прыватнасці шляхам захопу ўласнасці еўрапейскіх кампаній, якія дагэтуль працуюць у Расіі.