Forbes: «Выратавальны круг» Пуціна ўжо пад ударам
- 18.09.2025, 12:45
- 4,230
Украіна і ЗША могуць удвая ўзмацніць ціск на РФ.
Украіна і ЗША могуць узмацніць ціск на Крэмль, калі дроны і санкцыі б’юць па «выратавальным крузе» расійскай эканомікі, піша Forbes.
Украінская кампанія ўдараў беспілотнікамі па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах усё больш падрывае эканамічныя асновы Масквы. Паводле слоў Люка Коффі, старшага навуковага супрацоўніка Інстытута Гудзона, бягучая дынаміка дае адміністрацыі Дональда Трампа шанец сумясціць эканамічныя санкцыі з «кінэтычнай кампаніяй Кіева», каб прымусіць Крэмль сесці за стол перамоў.
«Экспарт расійскай нафты застаецца яе эканамічным выратавальным кругам. Менавіта таму прэзідэнт Трамп столькі ўвагі надае гэтаму пытанню», — падкрэсліў Коффі.
Украінскія дроны выводзяць з ладу нафтавую інфраструктуру РФ
Удары ўкраінскіх войскаў ужо пашкодзілі ад 17 да 21% нафтаперапрацоўчых магутнасцяў Расіі. На мінулым тыдні беспілотнікі дабраліся да аб’екта за 1500 км ад мяжы. Гэта не толькі выклікала паліўны крызіс, але і прымусіла Крэмль пераразмяркоўваць дэфіцытныя сродкі ППА, змяншаючы іх колькасць на фронце.
Цэны на паліва ўнутры Расіі павысіліся прыкладна на 25%, а дэфіцыт асабліва адчувальны ў аддаленых рэгіёнах і ў акупаваным Крыме.
Санкцыі і крызіс у Маскве
Да гэтага эканамічнага ўдару далучаюцца і заходнія санкцыі, якія штурхаюць расійскія кампаніі да бартару ў стылі 1990-х — збожжа і лён мяняюць на кітайскія аўто і будаўнічыя матэрыялы. Бюджэтны дэфіцыт вырас у 150 разоў і дасягнуў 4,2 трлн рублёў.
Незалежны «Левада-цэнтр» зафіксаваў: 66% расіян цяпер падтрымліваюць ідэю мірных перамоваў — рэкордна высокі паказчык. Толькі 27% выступаюць за працяг вайны.
«Давід супраць Галіяфа»
«Найвялікшай перавагай Расіі заўсёды былі яе памеры. Але з з’яўленнем новага арсеналу дронаў гэтая перавага ператвараецца ў слабасць. Расіі не стае сродкаў, каб прыкрыць усю тэрыторыю», — тлумачыць Коффі.
Былы міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў падкрэслівае:
«Сучасная вайна — гэта вайна рэсурсаў, а Украіна — гэта Давід, які спрабуе адшукаць слабыя месцы Галіяфа».