Польшча і Украіна падпішуць пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы дронаў
- 18.09.2025, 14:20
- 1,044
PAP/Paweł Supernak
Уладзіслаў Косіняк-Камыш раскрыў падрабязнасці.
Польшча і Украіна рыхтуюцца падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы беспілотных тэхналогій.
Пра гэта заявіў міністр нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Косіняк-Камыш падчас візіту ў Кіеў, паведамляе RMF24.
Паводле слоў міністра, дакумент будзе прадугледжваць развіццё сумесных ініцыятыў і падрыхтоўку ваенных кадраў з выкарыстаннем украінскага вопыту прымянення дронаў на полі бою.
Косіняк-Камыш падкрэсліў, што ўкараненне ведаў, атрыманых ва Украіне, з'яўляецца ключавым для трансфармацыі Узброеных сіл Польшчы і НАТА ў цэлым.
Ён таксама нагадаў пра важнасць развіцця Цэнтра аналізу, падрыхтоўкі і навучання НАТА-Украіна (JATEC) у польскім горадзе Быдгашч, які з'яўляецца ўнікальнай установай, што непасрэдна злучае Альянс з Украінай.
Міністр адзначыў гатоўнасць Кіева да супрацоўніцтва і падкрэсліў, што эмоцыі ва ўзаемаадносінах паміж краінамі не павінны ўплываць на стратэгічную мэту.
«Вораг знаходзіцца ў іншым месцы, і шукаць яго ўнутры нас — памылка», — падкрэсліў ён.
У межах візіту Косіняк-Камыш таксама наведаў польскія ваенныя могілкі ў Быкоўні і правёў сустрэчы з міністрам абароны Украіны Дзянісам Шмыгалём, сакратаром РНБА Рустэмам Умеравым і іншымі прадстаўнікамі ўлады.
Нагадаем, сёння раніцай Уладзіслаў Косіняк-Камыш прыбыў з візітам у украінскую сталіцу. Разам з ім прыехала дэлегацыя Міністэрства абароны і Узброеных сіл Польшчы.
У польскім ведамстве анансавалі абмеркаванне пытанняў ваеннага супрацоўніцтва, далейшай падтрымкі Украіны і сітуацыі з бяспекай на фоне расійскай агрэсіі.