Лукашэнка дабівае беларускі спорт
10- 18.09.2025, 15:23
- 6,752
Спартсмены могуць застацца без спонсараў.
Лукашэнка падпісаў новы ўказ «Аб аказанні падтрымкі спартыўным арганізацыям».
Згодна з ім, спартыўныя федэрацыі могуць атрымліваць субсідыі з рэспубліканскага бюджэту, а клубы па гульнявых і негульнявых відах спорту — з мясцовых бюджэтаў.
Пры гэтым скасоўваюцца падатковыя льготы па падатку на нерухомасць, зямельным падатку і падатку на прыбытак для спонсараў, якія вырашаць падтрымаць спартсменаў, заўважыла «Еўрарадыё».
Рэгуляванне памеру субсідый, сукупнай падтрымкі ад дзяржаўных арганізацый у форме спонсарскай дапамогі, рэкламы і іншага, а таксама памераў заробкаў кіраўнікоў федэрацый, спартсменаў, трэнераў і іншых спецыялістаў будзе ажыццяўляць урад.
Парадак выдачы і памер прызавых па выніках спартыўнага сезона таксама будзе вызначаць урад. Міністэрства спорту будзе кантраляваць, як федэрацыі і клубы выкарыстоўваюць сродкі падтрымкі ад дзяржаўных арганізацый.
Пры гэтым указ не абмяжоўвае магчымасць клубаў самастойна распараджацца заробленымі грашыма і спонсарскай дапамогай, атрыманай ад прыватных арганізацый. Але ці шмат застанецца спонсараў, калі прыватныя фірмы не змогуць атрымаць падатковыя льготы?