8 снежня 2025, панядзелак, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Талібы пачалі адключаць інтэрнэт у Афганістане

Талібы пачалі адключаць інтэрнэт у Афганістане

Для «прадухілення амаральнасці».

Улады Афганістана забаранілі аптавалаконны інтэрнэт у правінцыі Балх «для прадухілення амаральнасці». Такое рашэнне прыняў лідар кіруючага руху «Талібан» Хайбатулла Ахундзада, паведаміў Associated Press прадстаўнік мясцовай адміністрацыі Хаджы Аттаўла Заід. У выніку дзяржаўныя ўстановы, прыватны сектар і жылыя дамы ў Балху засталіся без Wi‑Fi. На дадзены момант у правінцыі працуе толькі мабільная сетка, аднак, паводле слоў мясцовых жыхароў, такі інтэрнэт павольны і дарагі.

Заід дадаў, што ўлады распрацоўваюць «альтэрнатыву для задавальнення патрэб» насельніцтва, якая не будзе правакаваць грамадзян на «амаральныя паводзіны». Раней талібы заяўлялі, што жыхары краіны выкарыстоўваюць інтэрнэт для прагляду парнаграфіі і флірту з жанчынамі. Паводле дадзеных Reuters, адключэнне кабельнай сеткі закранула ўсю паўночную частку Афганістана: акрамя Балху, гэта правінцыі Кундуз, Бадахшан, Баглан і Тахар. Amu TV сцвярджае, што ўсяго абмежаванні закранулі 13 правінцый, у тым ліку Кандагар, Урузган, Герат, Гільменд і Німроз.

Паводле крыніц канала, забарона на кабельны інтэрнэт з’яўляецца часткай больш шырокай кампаніі «Талібана» па ўзмацненні цэнзуры і назірання за грамадзянамі. Так, улады загадалі аператарам сувязі даць спецслужбам доступ да званкоў і дадзеных карыстальнікаў.

Аптавалаконны інтэрнэт, укаранёны ў Афганістане ў 2007 годзе, забяспечыў у краіне больш хуткае, таннае і бяспечнае злучэнне і адыгрывае цэнтральную ролю ў банкаўскай справе і анлайн-паслугах. Цяпер ім карыстаюцца каля 13 млн афганцаў, з іх амаль 4 млн маюць уліковыя запісы ў сацыяльных сетках. Сярод іншага інтэрнэт стаў адзінай магчымасцю для дзяўчынак і жанчын атрымаць адукацыю пасля таго, як талібы забаранілі ім вучыцца ў школах і ўніверсітэтах.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках