Чэшскі віцэ-прэм'ер з'явіўся на антыўрадавай акцыі ў Браціславе
- 18.09.2025, 19:01
- 2,786
Славакія выказала пратэст.
Пасол Славакіі ў Празе Марцін Муранскі выказаў пратэст МЗС Чэхіі з-за ўдзелу віцэ-прэм'ера і міністра ўнутраных спраў Віта Ракушана у антыўрадавай дэманстрацыі ў Браціславе. Пра гэта паведамляе выданне ČTK у чацвер, 18 верасня.
Як піша выданне, размова цягнулася каля дваццаці хвілін, у МЗС растлумачылі, што Ракушан дзейнічаў як прыватная асоба.
У сваю чаргу Муранскі перадаў заяву славацкага міністра замежных спраў Юрая Бланара, які расцаніў прысутнасць чэшскага чыноўніка на пратэсце як умяшанне ва ўнутраныя справы Славакіі.
«Такія паводзіны не спрыяюць канструктыўнаму славацка-чэшскаму дыялогу, а наадварот, я ўспрымаю іх як злоўжыванне ў межах кульмінацыйнай выбарчай кампаніі ў Чэшскай Рэспубліцы», — заявіў Бланар.
Чэшскага палітыка таксама раскрытыкавалі іншыя славацкія міністры, у той час як лідар апазіцыі Міхал Шымечка высока ацаніў яго крок. Сам Ракушан заявіў ČTK, што прысутнічаў на мерапрыемстве не як чыноўнік і не ўмешваўся ў палітычныя справы Славакіі.
16 верасня тысячы людзей выйшлі на агульнанацыянальны масавы пратэст па ўсёй Славакіі супраць эканамічнай і прарасійскай палітыкі прэм'ер-міністра Роберта Фіцо.
Мітынгі адбыліся ў 16 буйных гарадах, уключаючы Браціславу.
Апошняя хваля пратэстаў была справакавана паездкай Фіца ў Кітай, дзе ён трэці раз сустрэўся з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. А пакет мер жорсткай эканоміі, нядаўна зацверджаны ўрадам, яшчэ больш раззлаваў пратэстоўцаў.