5 снежня 2025, Пятніца, 7:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

34 гады таму бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі

4
34 гады таму бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» сталі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі

Рашэнне прыняў Вярхоўны Савет 12-га склікання.

19 верасня 1991 года гістарычная сімволіка — бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» — была прызнана дзяржаўнай. Такое рашэнне пасля краху СССР прыняў Вярхоўны Савет Беларусі 12-га склікання — парламент, які быў абраны на часткова свабодных выбарах.

Нацыянальная сімволіка заставалася дзяржаўнай да незаконнага «рэферэндуму» 1995 года.

Раней бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі — першага дзяржаўнага ўтварэння, якое абвясціла сваю незалежнасць ад іншых краін і ўжывала слова «беларускі».

Герб «Пагоня» — воін з паднятым мячом на белым кані ў чырвоным полі — вядомы ў Беларусі з глыбокай старажытнасці.

У якасці дзяржаўнага герба Вялікага Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, яго пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII стагоддзя. Выявай «Пагоні» ўпрыгожаны ўсе дзяржаўныя дакументы таго часу, старонкі «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў».

«Пагоня» была на сцягах беларуска-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах таго часу — ад Грунвальда да Оршы.

Пасля Люблінскай уніі «Пагоня» разам з польскім белым арлом змяшчалася на гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу. Нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі, калі Беларусь трапіла пад уладу Расіі, «Пагоня» засталася гербам беларускіх губерняў.

У бела-чырвона-белага сцяга ў сучасным выглядзе, у адрозненне ад «Пагоні», ёсць канкрэтны аўтар. Сцяг стварыў у 1917 годзе Клаўдзій Дуж-Душэўскі.

Бела-чырвона-белую стужку ў 1917 годзе пачалі насіць і беларускія вайскоўцы на франтах Першай сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх.

У снежні 1917 года на Ўсебеларускім з’ездзе ў Мінску бела-чырвона-белы сцяг ужо адзінагалосна прызналі нацыянальным сімвалам Беларусі. Ён стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пры саветах сцяг быў забаронены, а пасля падзей 2020 года ў дзяржаўных СМІ і тэлеграм-каналах разгарнулася кампанія па яго дыскрэдытацыі, і людзей караюць суткамі нават за сцягі і герб на аватарках.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках