Беларуска прынесла Польшчы адзіны медаль на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы
8- 21.09.2025, 18:09
- 20,400
Марыя Жодзік заваявала срэбра.
Беларуска Марыя Жодзік, якая выступае за Польшчу, заваявала срэбра ў скоках у вышыню на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Токіа. Гэта адзіны медаль для зборнай Польшчы на турніры.
Жодзік устанавіла асабісты рэкорд, упершыню ў кар'еры ўзяўшы гросмайстарскую вышыню 2 метры. І пры гэтым Марыя зрабіла гэта ў найцяжэйшых умовах. Падчас спаборніцтваў у Токіа пачаўся магутны лівень, з якім не справіліся многія фаварыткі.
У тым ліку рэкардсменка свету з Украіны Яраслава Магучых — спартсменка, найлепшы вынік якой 2 метры 10 сантыметраў, не змагла ўзяць 2 метры і засталася з бронзай. Медаль яна падзяліла з сербкай Ангелінай Топіч.
А Жодзік, асабісты рэкорд якой складаў 198 сантыметраў, 2 метры ўзяла. Максімальна драматычна, з трэцяй спробы. Вышыня 202 сантыметры ёй не пакарылася. Чэмпіёнкай свету стала аўстралійка Нікола Оліслагерс. Яна ўзяла тыя ж 2 метры, але абышла беларуску з польскім пашпартам па спробах.
Марыя Жодзік нарадзілася ў Баранавічах. У 2020 годзе падпісала ліст спартсменаў супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту. А ў 2022 годзе ў інстаграме апублікавала допіс з асуджэннем расійскай агрэсіі супраць Украіны. У тым жа годзе Марыя перабралася ў Польшчу. Першым часам ёй даводзілася працаваць у «Макдональдсе» і трэніравацца самастойна. Але пасля яна знайшла мясцовага трэнера, уладкавалася ў спартыўны клуб у Беластоку, атрымала грамадзянства і прабілася ў зборную Польшчы. А цяпер стала сярэбранай медалісткай чэмпіянату свету.
Лёгкаатлеты са зборнай Беларусі ад усіх міжнародных спаборніцтваў адхіленыя. Пазыцыя кіраўніцтва сусветнай лёгкай атлетыкі такая: яны не вернуцца, пакуль вайна ва Украіне не скончыцца.